Моцны — интернет-портал > Отдыхает > Театр, кино, книги > ЧЫРВОНАЕ І ЧОРНАЕ, АБО АПОШНЯЯ КНІГА ПАНА А.

 

ЧЫРВОНАЕ І ЧОРНАЕ, АБО АПОШНЯЯ КНІГА ПАНА А.

Автор: Светлана Луговцова / facebook.com/svetlana.lougovtsova

Альгерд Бахарэвіч "Апошняя кніга пана А."

Напярэдадні выхаду ў свет сваёй новай кнігі АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ выказаўся ясна: ён па-ранейшаму лічыць, што пакуль нічога больш моцнага за “Сабакаў Эўропы” не напісаў. Меркаванне Аўтара пра свае дзіця — закон. Ён вызначыў лідэра. Але любы, нават самы неабазнаны ў літаратуры, Чытач стварае асабісты сусвет. Дзе існуе свая іерархія.

Па праву ўладара свайго сусвету я стаўлю на першае месца
ў творчасці пана Альгерда “Апошнюю кнігу пана А.”

У яе больш яркі колер, пах, смак. Лета — час яркіх фарбаў. Упэўненая, 2020 мае ў запасе бясконцае мора адценняў. У нас яшчэ будзе магчымасць уважліва іх разгледзець.

КОЛЕР

Колер “Сабакаў Эўропы” шэры. О-о-о, як добра я ведаю тую неабходнасць бегчы па чароўнаму лесу, каб аддаць тое, што не патрэбна. І неверагодна ліпкі страх: не паспець, не знайсці дарогу, спатыкнуцца аб корань, не вярнуцца назад… І гэты невыносны кіслы пах. Пах, які застаецца з табою пасля начнога кашмару. Пах, змыць які не хопіць ні вады, ні парфумы на ўсёй планеце.

Як добра знаёма Высьпа. Як шмат змарнавана часу, каб зразумець, хто там жыве, чым займаецца, з якой мэтай…

І да, Бальбута. Мова, якую ведае толькі тры чалавекі. Не, чатыры. Не. Усё-ж-такі тры. Бальбута — адзнака абранасці. Ці выключанасці з соцыума?

Усё гэта больш не мае значэння. Начныя кашмары пакінулі мяне раней, чым я ўзяла ў рукі “Сабакаў Эўропы”. Страх сышоў. Размыты трывожны брудны шэры ператварыўся ў дасканалы чорны. Чорны, які дадае кожнаму вытанчанасці і арыстакратызму. А радасці? Радасці не.

Колер “Апошняй кнігі пана А.” — чырвоны.

Я стаўлю яе на першае месца па
Шчырасці,
Смеласці,
Адданасці тым, каго любіш.

“Чырвоны — код нацыі”. Згодна. Ён надае сілы. Усім нам патрэбны
Чырвоная еднасць,
Чырвоная мужнасць,
Чырвоная вера.
Сёння, заўтра, заўжды.

Хвала Справядліваму ладу, што не забівае нас за ціхае слова. Хвала Высьпе, на якой мы ўсе жывем, хоць маглі б нарадзіцца на зусім іншай зямлі. Хвала Часу, які дазваляе нам слухаць іншых людзей у ціхай сваёй непрыкметнасці.

ПАХ

Альгерд Бахарэвіч
Фота Юліі Цімафеевай
Альгерд Бахарэвіч
Фота Юліі Цімафеевай

Які ж добры кухар гэты Аўтар: ён нешта змешвае і дабаўляе, гатуе на адкрытым агні і ў закрытай печы. То лічыць залішняй дробку солі, то не шкадуе заморскіх прыправаў і ўмела распальвае наш апетыт.

А які цудоўны пах мае ягоная страва! Як сапраўдны чараўнік аднекуль непасрэдна з паветра Аўтар дастае неабходныя інгрэдыенты, каб надаць ёй завершанасць.

Чараўнік ці прафесіянал, які хавае штодзённую цяжкую працу за адрэпетаваным узмахам рукі? Не ведаю. Спажыўца цікавіць вынік. А гэтае блюда я ўсім рэкамендую. Апошняя кніга пана А. спадабаецца і аматарам хуткіх перакусаў, і тым, хто аддае перавагу няспешнай сямейнай вячэры, і знаўцам вытанчанай кухні.

Для каго Аўтар прыгатаваў свае 30 маленькіх гісторый ці адну вялікую? Для кожнага, хто жадае іх слухаць. На поўначы і поўдні, захадзе і ўсходзе. Але… Ці зразумелыя нам навелы Бакача? Несумненна. Ці можам мы расшыфраваць сімвалізм “Дэкамерона” хаця б напалову так, як жыхары Фларэнціі XIV стагоддзя? Не.

На планеце Зямля існуе група людзей, якая глыбей за іншых расшыфруе сімволіку “Апошняй кнігі пана А.”. Аўтар так часта робіць адсылкі да часоў і твораў савецкай эпохі, што ясна, дзе шукаць гэтых знаўцаў. На постсавецкай прасторы. На ўсю моц адчуць напружанне эпізоду, натхнёнага лёсам прафесара Плейшнера, можна толькі тады, калі ты дакладна ведаеш, у чым была памылка прафесара, як яе неабходна выправіць. Да якое там! Ты ўжо 100 разоў выправіў яе самастойна і не меньш жадаў пабачыць шчаслівы фінал.

Агульная мова тых, хто можа выправіць памылку Плейшнера, па-ранейшаму руская. Таму пераклад “Апошняй кнігі пана А.”, здаецца, справай неабходнай.

Хвала Справядліваму ладу, што не забівае нас за ціхае слова. Хвала Высьпе, на якой мы ўсе жывем, хоць маглі б нарадзіцца на зусім іншай зямлі. Хвала Часу, які дазваляе нам слухаць іншых людзей у ціхай сваёй непрыкметнасці.

СМАК

Альгерд Бахарэвіч
Аўтограф-сэсія ў офісе выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 12 чэрвеня 2020
Фота Юліі Цімафеевай
Альгерд Бахарэвіч
Аўтограф-сэсія ў офісе выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 12 чэрвеня 2020
Фота Юліі Цімафеевай

Ва ўсім свеце засталася толькі Высьпа. Але ж і там бушуе чумка. Да яшчэ бязлітаснае мора адбірае ў людзей апошнія кавалкі сушы. Ніхто не ведае, калі “Вось Гэта Ўсё” скончыцца і што з намі будзе.

Людзям страшна. Як жывёлы, яны збіваюцца ў зграі. Шукаюць і знаходзяць вінаватых. Не вытрымліваюць напружання і губляюць розум.

А дзесьці ў цёплым доме некалькі чалавек п’юць добрае віно і слухаюць казкі. Аўтар вымушаны адказваць на пытанні, якія паўсталі перад кожным:
Як пераадолець свой страх?
Што працуе больш прадуктыўна ў новым свеце: вымысел ці рэальнасць?
Эвакуіравацца альбо застацца?

Ведаеце, чым аўтар адрозніваецца ад чытача?

Аўтар ведае, чым ўсё скончыцца.

Эх, як я хацела б ведаць: “Ці ўварвецца ў дом натоўп азьвярэлых людзей, якім няма чаго страціць?”

Хвала Справядліваму ладу, што не забівае нас за ціхае слова. Хвала Высьпе, на якой мы ўсе жывем, хоць маглі б нарадзіцца на зусім іншай зямлі. Хвала Часу, які дазваляе нам слухаць іншых людзей у ціхай сваёй непрыкметнасці.

ПАСТСКРЫПТУМ

Каго ўпрыгожвае сціпласць? Не ведаю. Толькі не Аўтара.
Для тых, хто сочыць за творчасцю А. Бахарэвіча добра вядома, што “Апошнюю кнігу пана А.” ён напісаў ДА ТАГО, як у нашым жыцці з’явілася чумка пандэмія. Але ж колькі тых, хто гэта ведае, у свеце?

У самой кнізе няма нейкага ўступу ці нават зноскі, дзе пра гэта паведамлялася б. Можа Аўтар лічыць, што гэта ўсім зразумела? Ці, на яго думку, не сціпла гэта падкрэсліваць?

Незразумела. Трэба падкрэсліць. У свой час я перасэнсавала творчасць Уладзіміра Караткевіча, калі даведалася, што раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” быў напісаны ім за 6 гадоў да знаходкі “Евангелля Іуды Іскарыёта”. За 34 гады да публікацыі тэкста, дзе гутарка ішла аб тым, што Іуда не быў здраднікам. Наадварот, ён быў самым паспяховым вучнем і выдаў Збавіцеля па яго ж просьбе.

Паважаны Аўтар, калі ласка, пашырайце прастору для асэнсавання новага твора ўсімі магчымымі сродкамі. Поспехаў на гэтым шляху!