Моцны — интернет-портал > Отдыхает > Театр, кино, книги > ДЗВЕ РАНІЦЫ

 

ДЗВЕ РАНІЦЫ

У пахмурны восеньскі дзень сагрэюць ўспаміны пра лета. Дзве раніцы. Дзве жанчыны. Два подыха класікаў ад Ларысы Геніюш і Дануты Бічэль-Загнетавай.

Фота: Юлія Уладзімірская

ДЗВЕ РАНІЦЫ

Ларыса Геніюш

Раніца

Сонейка.
Клёкат бусьліхі.
Грабельніцы – на сенажаць.
З хаты выходжу паціху,
каб раніцы не спужаць.

Яна ля майго парога,
сьвежая, у расе.
Вецер з шырокіх разлогаў
пах чабаровы нясе.

ДЗВЕ РАНІЦЫ

Лісьцем гальлё трапеча.
Зазелянеў мурог.
Боязна траўку скалечыць
міжвольным дотыкам ног.

Стаю на парозе.
Сьмяюся.
На шкле заламаўся прамень.
Галёкае зь ніў Беларусі
нованароджаны дзень.

ДЗВЕ РАНІЦЫ

Данута Бічэль-Загнетава

Раніца

Раней за сонца ўстану рана я.
Крылаты золак не прасплю.
Прайдуся сцежкамі крамянымі
ўлюбёная ў сваю зямлю.

Прамчуся за вятрамі гонкімі
па бальшаках зялёных…
Сустрэне луг мяне рамонкамі,
прастор – блакітам лёну.

ДЗВЕ РАНІЦЫ

Барок грыбамі запалоніць:
лісіц – грабі ў ахапку.
Грыб шчыры ў ветлівым паклоне
скідае долу шапку.

Паміж чарніцамі-насмешкамі
згубілася ў гушчэчы.
Унізе пахне сыраежкамі,
а зверху птах шчабеча.

Паабтрасаю росы з голля –
абудзіцца рака.
Абсыпана буйное поле
званочкам жаўрука.

Ліецца песня з-пад блакіту
на маладое жыта,
жывое серабро нібыта,
густой расой абмыта…

Зямля шчырэе і смяецца,
спявае радасць лету.
I можна абысці, здаецца,
за сонейкам паўсвету.