15-га снежня 2019 года на канферэнцыі «Reshape 2019 – Framing the Future of Belarus» у Мінску пісьменнік АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ узяў удзел у дыскусіі на тэму «Як людзям стаць свабоднымі» і адказаў на шматлікія пытанні.
Мастацкае аздабленне: работы Аляксандра Дасужава (1945–2014)
Канцэпт свабоды
Я згодны з тым, што канцэпцыя свабоды, гэтая вялікая ідэя, знаходзіцца пад пагрозай. Мы з вамі свабодныя людзі ў несвабоднай краіне. І гэта абумоўлівае як нашы ўчынкі, так і ўсе наша жыццё, да драбніцаў. Але калі мы разважаем пра сам канцэпт свабоды, мы робім адну вялікую памылку: мы зводзім свабоду да набору нейкіх абмежаванняў, якіх неабходна пазбегнуць. Мы ніколі не задумваемся пра свабоду як абсалютную каштоўнасць.
Свабода — гэта не адмаўленьне навязаных нам несвабодаў, гэта прычына, а не наступства, неад’емнае права, а не супрацьлегласць парадку.
Мне здаецца, што сам панятак свабоды цяпер змяняецца вельмі імкліва. І вінаваты ў гэтым інтэрнэт. Я не сацыёлаг, не філёзаф, не даследчык, я ўсяго только пісьменнік, таму буду казаць пра свабоду з свайго гледзішча. З гледзішча чалавека, які працуе з тэкстамі, які спрабуе ўлавіць нейкі нерв нашага часу і перадаць гэта ў кнігах. Што зрабіў з нашай свабодай інтэрнэт? Я кажу не толькі пра Беларусь, але пра ўсіх насельнікаў гэтай планеты.
Сеціва дало нам магчымасць атрымаць яшчэ адно “Я”.
Мы цяпер жывем у некалькіх вымярэннях.
Тую свабоду, пра якую мы марым і думаем, наша віртуальная асоба мае ў значна большай меры, чым мы самі як індывідуумы, як удзельнікі жыцця. Мы існуем ў гэтай барацьбе, у гэтай спробе неяк ужывацца разам са сваёй віртуальнай асобай.
Свабода ніколі не была чымсьці, што нам дадзена, з чым мы жывем ад нараджэння.
Калі мы паглядзім на гісторыю, свабода асобы ўвесь час была пад пагрозай. Але цяпер мы маем падвоеную нагрузку, мы мусім патрабаваць свабоды для сябе ў “рэале” і таксама думаць пра свабоду свайго віртуальнага “Я”. Патрабаваць і неяк сумяшчаць іх. Дзіўна, але адбываецца цікавая штука: мы гатовыя да пэўнай ступені абмяжоўваць сваю свабоду офлайн, але лічым, што маем права дазваляць сабе ў сеціве значна больш. І гэта пры тым, што паўсюль чуецца: онлайн і офлайн зліліся ў адну рэальнасць. Наша свабода адчайна сыгналізуе, што гэта не так.
Я казаў пра свабоду як пра набор абмежаванняў. Давайце задумаемся, калі мы ўпершыню пачынаем аналізаваць, дзе знаходзіцца наша свабода, што гэта наогул такое. Мне здаецца, такія пошукі пачынаюцца дзесьці ў падлеткавым узросце. Напрыклад, я — хлопчык, які нарадзіўся ў ХХ стагоддзі. Вось я задумваюся: я павінен пасля школы пайсці ў войска. Я вучуся ў школе, мяне пераводзяць у восьмы клас і гадоў у дванаццаць прыходзяць гэтыя праклятыя пытанні: А чаму я павінен ісці ў войска? Хто гэтыя абмежаванні для мяне прыдумаў? Дзе пачынаецца гэты набор абмежаванняў і калі ён, нарэшце, скончыцца?
Ты пачынаеш думаць пра дзяржаву, ты пачынаеш думаць пра грамадства, ты пачынаеш думаць пра бацкоў, якія таксама абмяжоўваюць тваю свабоду. Я хачу зрабіць тут выснову, што мы не мусім заставацца тымі дзецьмі, якія калісьці ўпершыню задумаліся, што такое свабода для іх, але й не мусім думаць пра свабоду, як пра абсалют. Мы павінны паглядзець на свабоду з гледзішча сённяшняга.
Найлепшы від на свабоду адкрываецца з таго акна,
за якім мы стаім проста зараз.
Што такое выказванні і што такое меркаванні
Я перакананы, што калі мы робім камусьці нейкія заўвагі ў інтэрнэт-прасторы і калі чытаем камэнтары іншых людзей, мы мусім дакладна падзяляць іх на проста выказванні і на меркаванні. Выказванне — гэта звычайнае жаданне сказаць хоць нешта.
Меркаванне прадугледжвае веды адносна прадмета, пра які ты мяркуеш.
Прадугледжвае абазнанасць, эмпатыю, запатрабаванасць ацэнкі і кампетэнтнасць. Гэта значыць, не кожнае выказванне абавязкова ёсць меркаваннем. Калі мы кажам пра свабоду слова ў сеціве, мы почасту проста падманваем самі сябе. Мы маем на ўвазе свабоду меркавання, а замест яе маем свабоду выказвання. Тое, што мы чуем або чытаем, у 90 % не мае да свабоды слова ніякага дачынення. Гэта ўсяго толькі словы неабазнаных людзей, якія паддаліся рытарычным маніпуляцыям, прапагандзе або журналісцкім прыёмам. Гэта — неасэнсаваныя і адрэфлексаваныя выказванні. Неабходна адчуваць адказнасць за свае выказванні, разумець, што мы не мяркуем, мы рэагуем на плёткі.
Калі мы абмяркоўваем тое, пра што не маем уяўлення, мы проста сатрасаем паветра. Гуляем на памыйцы.
Мне здаецца, выказванням і меркаванням трэба вучыцца, бо існуе культура выказванняў і яна даступная не кожнаму. Таму свабоду слова варта абараняць не заўседы. Свабода меркаванняў і свабода выказванняў — гэта розныя рэчы. Першая — грунт, на якім стаіць вольнае грамадзтва, а другая лёгка ператвараецца ў прастору для спэкуляцый і хлусьні.
Ці сталі беларусы больш свабоднымі за апошнія 10 гадоў?
Гэта складанае пытанне, і, каб адказаць на яго, я хачу пагаварыць трошачкі пра эліты. Грамадствам рухаюць эліты: на жаль ці на шчасце. І свабоду як каштоўнасць для нас захоўваюць менавіта эліты. На працягу апошніх гадоў на Беларусі працягваецца вусцішны працэс, калі эліты адцясняюцца ад кіравання дзяржавай, ад прыняцця рашэнняў, ад вызначэння важных для краіны і грамадства арыентыраў.
Слова “эліты” шмат каго раздажняе. Але беларускія эліты існуюць, развіваюцца, яны патрабуюць свайго месца. І час патрабуе прызнання элітаў дзеля ўсіх нас. Але паколькі эліты не маюць уплыву, не прымаюць жыццявызначальных рашэнняў, а вымушаны займацца барацьбой за ўласнае выжыванне, развіццё беларускага грамадства штучна тармозіцца.
Такой дзяржаве, якую мы маем, эліты не патрэбныя, яны — пагроза ўладзе.
Свабодныя людзі вучацца і вырастаюць, яны ідуць у тым напрамку, дзе гадуецца эліта — але не знаходзяць сабе рэалізацыі, яны не могуць ні на што ўплываць, апынаюцца ў пэўным вакууме — і такім чынам мы маем тое, што маем. Мы збіраемся з вамі сёння тут, размаўляем пра свабоду, спрабуем дыскутаваць, але я думаю, што мы з вамі акурат тыя людзі, якім ужо не трэба нічога даказваць.
Мы маглі б працаваць на дабрабыт гэтай краіны і грамадства і на ўзмацненне ролі Беларусі ў свеце. А замест гэтага мы будзем сядзець і гаварыць паміж сабой пра рэчы, якія і так добра разумеем, а дзяржава будзе ісці далей сваім курсам і не пускаць эліты да ўлады. Весьці нас у тупік. Эліты такім чынам кансервуюцца, і разам з імі кансервуецца свабода, якую гэтыя эліты з сабой нясуць. У выніку атрымліваецца гэтая атмасфера затхласці, атмасфера роспачы, адчуванне, што нічога не змяняецца.
Гэтая ілюзія, што нічога не змяняецца, пачынае псаваць нашыя думкі, прыводзіць нас да зняверання ў саміх сябе.
Існуе такі панятак, як “шкляная столь”. Так вось беларускія эліты, як мне здаецца, б’юцца галовамі аб гэтую шкляную столь, і я не ведаю, што адбудзецца ў нашай краіне, калі яны яе проста праломяць. Гэтыя аскепкі шкла пасыплюцца, пакідаючы на нас ўсіх нейкія крывавыя сляды. Бо эліты — гэта людзі з амбіцыямі і здольнасцямі, а помста здольных і іх нерэалізаваныя амбіцыі здольныя на многае. Пры нармальным развіцці грамадства яны знаходзяць сабе выхад, пры ненармальным, як гэта паказвае беларускі сцэнар — яны ператвараюцца ў высвятленне асабістых рахункаў і затоеную на дзесяцігоддзі злобу.
Пра барацьбу за выжыванне
Я бы хацеў трошкі пагаварыць пра барацьбу за выжыванне. Мы жывем у сітуацыі, калі барацьба за выжыванне і адначасова барацьба за свабоду — гэта тое, чым мы вымушаны кожны дзень займацца. Гэта дзве розныя барацьбы — і адна супярэчыць другой. А ў Беларусі яны адбываюцца адначасова. Чаму свабодных людзей у гэтай краіне не так шмат, як хацелася б? Таму што нашы сілы адцягваюцца на барацьбу за выжыванне, за тое, каб задаволіць патрэбы еўрапейскага чалавека, якія ў іншых краінах даўно ўжо задаволеныя, і гэты чалавек мае час змагацца на больш складаным узроўні, чым проста: пастарацца ацалець.
Я не лічу, што беларусы — гэта адзін народ, задача якога імкнуцца да згуртаванасці, да кансалідацыі, да еднасці.
На мой погляд, тут у нас суіснуе некалькі народаў. Трыццаць гадоў таму тутэйшым людзям было прапанавана некалькі ідэнтычнасцяў, але шмат хто не вызначыўся дагэтуль.
Я цяпер жыву ў Масюкоўшчыне і назіраю, як жыве там “масюкоўшчынскі” народ. Як ён ходзіць у краму “Марцін”, як ён карыстаецца зніжкамі, як ён п’е адчайна з раніцы і да вечара і крычыць пад вокнамі ад нуды і роспачы. Я бачу гэтае штодзённае жыццё сваіх суайчыннікаў, а потом прыязджаю сюды, на Кастрычніцую, у цудоўную галерэю “Ў”, і разважаю тут перад вамі пра эліты і пра свабоду. Я думаю, што калі нават я паўтарыў бы так званаму народу па-расейску тое, што я цяпер кажу вам, яны б успрынялі мае словы як нейкую прамову на замежнай мове, яны б не зразумелі з яе ні слова. І рэч не толькі ў маёй беларускай. Яны заклапочаны зусім іншым, бо мы не адзін народ. Яны не прынялі ніякай з тых ідэнтычнасцяў, якія ім прапаноўвалі. Яны не ведаюць, хто яны. Хіба спажыўцы. Паміж намі ляжыць бездань.
Нельга паддавацца ілюзіі, што народ за намі пойдзе, калі нам будзе што яму прапанаваць, што мы яго навучым, што будзе нейкае народнае прасвятленне. Не. Такога ў гісторыі ніколі не было. Намі заўсёды усім кіравалі эліты: эканамічныя, інтэлектуальныя, культурныя, палітычныя эліты. І калі яны гублялі сілу і саступалі іншым элітам — народ ішоў туды, куды скажуць.
Якая свабода насамрэч патрэбная людзям з Масюкоўшчыны? Ім патрэбныя найперш культура і адукацыя. Я ўспрымаю асабістую свабоду чалавека як пэўную працу яго на сабой. Чалавек мусіць над сабой рабіць работу, нават калі яго гэтаму не навучылі, ён усё роўна мае інстынкт корпання ў сваіх думках, нават самых убогіх. Што я маю на ўвазе пад “работай”? Гэта работа над уласнай душой, над уласнай самасцю. Я перакананы, што кожнаму з нас, чалавеку з любым узроўнем адукацыі і культуры, рана ці позна даводзіцца адказваць на пытанні:
Хто я і навошта я тут, што я раблю і што будзе са мной далей, і наогул як жыць?
З гэтага і пачынаецца работа над уласнай душой. І калі людзі не хочуць працаваць самі над сабой, калі яны адмахваюцца ад такіх пытанняў або спрабуюць патапіць іх, напрыклад, у алкаголі, у марнасці нейкай або у працы на заводзе ці ў офісе, якая атупляе іх…
Дарэчы, заводы, фабрыкі, офісы — гэта трагедыя, якая працягваецца нягледзячы на ўсе тэхналагічныя дасягненні. Мы жывем у свеце высокіх техналёгій, а пры гэтым ўсё роўна ў нашым свеце, дзесьці там, па-за нашым з вамі зрокам, застаюцца прадпрыемствы з ручнай працай, дзе людзі працягваюць, як у XIX стагоддзі, займацца тым, што пазбаўляе іх розуму і эмоцый. У пэўным сэнсе тут ўсё залежыць ад эканомікі. Магчыма, калі гэтай тупой працы ў нас зробіцца менш, тады з’явіцца больш свабоды, а значыць, больш пытанняў, больш магчымасцей, каб працаваць над сабой і мучыць сябе.
Бо праблема ў тым, што мучыць сябе — ужо даўно не модна. Спажывец не любіць, калі яму цісне…
Ці гатовы беларусы стаць свабоднымі?
Я лічу наогул, што мы, людзі, усе страшэнна свабодалюбівыя. Мы лічым сябе такімі. Хто прызнаецца ў тым, што ён раб і яму добра? Іншая рэч — гэта я ўжо заглыбляюся ў нейкія стэрэатыпы адносна нас — што такія ўмоўнасці, як, скажам, менталітэт, занадта моцна прадвызначаюць жыццё беларусаў. Мы, беларусы, напэўна, трошачкі разумнейшыя і трошкі баязлівейшыя за суседзяў.
Мы ўсведамляем сабе, што свабода — гэта вялікі цяжар,
свабода — гэта вялікая адказнасць, і мы гэтай адказнасці баімся.
Колькі існуюць цывілізацыя і культура, столькі людзі змагаліся за свабоду. Яна заўжды была для іх каштоўнасцю, хоць і напаўнялася розным зместам у залежнасці ад часу. У ХХ стагоддзі вялікія філёзафы сказалі, што свабода — гэта насамрэч жахліва, асабліва калі мы апынаемся з ёй сам-насам.
Калі я спрабую ўявіць сабе Свабоду, свабоду з вялікай літары, я ўяўляю сабе агромністую залю, у якой ёсць толькі я і больш нічога. Толькі я і пустэча. Вось гэта і ёсць свабода як абсалют.
Мы часта паўтараем (у кантэксце, напрыклад, журналістыкі) слова “свабоды”. Менавіта ў множным ліку. Палітычныя свабоды, культурныя, нацыянальныя, моўныя і г.д. І гэты правільна і добра, і за гэта трэба змагацца, і гэтым мы і займаемся. Але гэта зноў нешта, што мае дачыненне да абмежаванняў, а не да свабоды як такой, гэта барацьба за тое, каб набор абмежаванняў быў меншы, а набор магчымасцяў большы, вось і ўсё.
А вось калі мы гаворым пра сапраўдную свабоду, пра тую, пра якую марыць чалавек ад пачатку сьвету, дык гэтая свабода не можа быць у множным ліку. Яна заўсёды існуе толькі ў адзіночным. Гэта назоўнік, які ужываецца выключна ў адзіночным ліку — і панятак, які нельга памножыць.
Мне здаецца, што апынуцца сам-насам з гэтай свабодай страшна.
Таму, апынуўшыся занадта блізка ад гэтай свабоды, мы заўсёды робім крок назад. Нікому не хочацца апынуцца ў гэтай пустой гулкай зале сам-насам з сабой.
І ўсё ж добра, калі мы гаворым пра свабоды ў множным ліку. Гэтыя свабоды вядуць нас да таго, каб развіваць крытычнае мысленне. Мне здаецца, што гэта тое, што неабходна ў першую чаргу свабоднаму чалавеку. Усё, усё, што мы чуем, чытаем, гаворым з любых сцэнаў, з любых экранаў, усё, што прамаўляецца публічнымі людзьмі або так званымі экспертамі, усё трэба ставіць пад сумнеў. Усё прапускаць праз сябе і казаць сабе: гэта можа быць хлуснёй.
Мастацтва як форма свабоды
Натуральна, свабода — гэта творчасць, гэта тое, што дае нам усім сэнс жыць і ісці далей і неяк у прытомнасці дажыць адведзеныя нам дні. Для мяне асабіста спосабам здабыць сваю свабоду і кудысьці з ёй урэшце прыйсці з’яўляецца мастацтва. Я скажу больш:
Напэўна, мастацтва ў наш час — гэта адзінае і апошняе месца, дзе мы яшчэ можам быць свабоднымі, калі захочам.
Калі мы пачынаем пісаць кнігу, або чытаць кнігу, або сутыкаемся з любым іншым творам мастацтва, мы апынаемся ў сітуацыі выбару, які можам зрабіць самі: мы можам самі напісаць наступнае слова, можам адгарнуць наступную старонку, а можам праігнараваць; мы можам самі вырашыць, глядзець далей інтрыгоўнае відэа або фільм — або не глядзець і забыць; мы можам усё, што захочам.
Свабода — гэта наш выбар і наша адказнасць за яго.
Ніхто не прымушаў вас слухаць або чытаць гэты сумбурны маналог — і ніхто не прымусіць яго забыць.
Занатавала Святлана Лугаўцова