Моцны — интернет-портал > Отдыхает > Театр, кино, книги > «КАР’ЕРА ДОКТАРА РАУСА»: НЕ ПРАЗ ДОГМУ, А ПРАЗ РЭФЛЕКСІЮ

 

«КАР’ЕРА ДОКТАРА РАУСА»: НЕ ПРАЗ ДОГМУ, А ПРАЗ РЭФЛЕКСІЮ

Аўтар: Аляксей Гуліцкі

«КАР’ЕРА ДОКТАРА РАУСА»: НЕ ПРАЗ ДОГМУ, А ПРАЗ РЭФЛЕКСІЮ
Фота з афіцыйнага сайта Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі

У гэтым тэатральным сезоне на сцэне «Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі» зноў ладзіцца «Кар’ера доктара Рауса». Гэты спектакль — падзея для беларускага грамадства настолькі незвычайная, што,

калі глядзіш яго ўпершыню, часам ловіш сябе на думцы: «Гэта сапраўды адбываецца?»

Спектакль пастаўлены па п’есе Віктара Марціновіча, і яго руку тут не заўважыць цяжка. Ідэя завуаляванай сатыры на сучаснасць праз прызму падзей пяцісотгадовай даўнасці магла з’явіцца далёка не ў кожнага беларускага аўтара, а смеласць на яе рэалізацыю — тым больш. Марціновіч здольны і на нетрывіяльныя сюжэты, і на рашучасць ды кемлівасць для іх увасаблення. Разам з рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым ён стварыў «гістарычную недакладную трагікамедую ў дзвюх дзеях», якая мае настолькі вострасацыяльны падтэкст, што ад нечаканасці можна парэзацца.

Цэнтральны вобраз — Францыск Скарына. Але гэта не «Скарына-першадрукар» ці «Скарына-асветнік» — гэта «Скарына-чалавек». Падручнікі па гісторыі навучылі нас глядзець на яго як на асобу, якая пакінула пасля сябе вялікі след. Але, вядома, сляды не з’яўляюцца проста так: для гэтага трэба ісці. А ці многія думалі менавіта пра «хаду» Скарыны? Ці часта хто-небудзь задумваўся пра пачуцці, перажыванні і клопаты, якім няма месца ў біяграфіі паміж «нарадзіўся-стварыў-памёр». Аўтар зрабіў акцэнт менавіта на гэтым. Таму фармат п’есы, згодна з якім персанаж заўсёды некуды рухаецца, выглядае вельмі ўдалым. Трэба звярнуць увагу і на галоўнага акцёра, Дзмітрыя Давідовіча, які настолькі арганічна выглядае ад пачатку і да канца, што пасля немагчыма ўяўляць Францыска інакш. Ты яму банальна верыш, і дадаць тут больш няма чаго.

«КАР’ЕРА ДОКТАРА РАУСА»: НЕ ПРАЗ ДОГМУ, А ПРАЗ РЭФЛЕКСІЮ
Фота з афіцыйнага сайта Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі

Падчас свайго падарожжа Скарына адкрываецца свету і адкрывае свет для сябе. Але гэта не Еўропа шаснаццатага стагоддзя, а нейкая сумесь мінулага і сучаснага. Такое адчуванне ствараюць, па-першае, адсылкі да нядаўніх падзей ці вынаходак кшталту дэнамінацы і мабільных тэлефонаў. Але гэта проста жарты, якія, па сутнасці, нічога сюжэту не дадаюць. А вось персанажы другога плану, таленавіта ўвасобленыя акцёрамі, і іх дзеянні — зусім іншая справа. Карыслівы менеджар, бязмозглы ваяка, падкупны суддзя, паранаідальны кіраўнік і прагны да ўлады начальнік — асобы, усім да болю знаёмыя. Сітуацыі, з якімі сутыкаецца галоўны герой, таксама нельга назваць справамі дзён даўно мінулых. Тут і праблемы нацыянальный свядомасці беларусаў, і непаразуменне паміж Усходам і Захадам, і адсутнасць у людзей жадання глядзець глыбей і пільней. Гэтыя пытанні і сёння настолькі актуальныя, што ўзнікае думка, быццам у гэтай сумесі мінулага і сучаснага жывуць не толькі героі п’есы, але і ўсе мы.

Пакуль грамадства будуць перапаўняць «файныя хлопчыкі ў галіфэ», якія цураюцца ўсяго новага і не адрозніваюцца арыгінальнымі думкамі, ні адно пытанне, паднятае ў спектакле, не будзе канчаткова вырашана. Вельмі цікава, як п’еса падводзіць гледача да гэтай думкі. Тут няма заклікаў ці лішняй сур’ёзнасці — толькі фарс, сярод якога ты не праз доўгму, а праз рэфлексію нечакана ўсё разумееш. Апошні маналог Скарыны, які, нягледзячы на ўсе непрыемнасці і выпрабаванні, застаецца аматарам сваёй працы, неверагодна натхняе і пакідае ўпэўненасць, што, сапраўды,

«зіма заўсёды канчаецца, нават зацяжная».