Аўтар: Аляксей Ластоўскі / facebook.com/aliaksei.lastouski
Фота аўтара
Распавядаем пра вандроўку ВАЛОЖЫН – ВІШНЕВА – БАГДАНАВА – ВЯЛАЕ. Агульная працягласць маршрута 240 км. Раім, што паглядзець і пра каго ўспомніць.

Вішнева
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі
Палез капацца ў гісторыю Вішнеўскага касцёла і высветліў, што яго гісторыя перапоўнена міфамі:

1) да заснавання касцёла ніякага дачынення Вітаўт не меў, адкуль гэта версія выплыла, так і не знайшоў — можа гэта нацыянал-рамантычнае пераўвасабленне легенды пра крыніцу Вітаўта;
2) падобна на тое, што і дата будаўніцтва ў 1424 годзе сфальсіфікаваная, больш слушная дата — 1451, прынамсі гэтую дату даюць дакументы Віленскай дыяцэзіі, хоць у нас замацавалася дата з сямейных паданняў Храптовічаў;

3) у крыпце касцёла пахаваны не заснавальнік мураванага касцёла Юры Храптовіч, а фундатарка капліцы Соф’я Саванеўская;
4) грызэлі на сценах касцёла не распісваў Ф. Рушчыц (у лепшым выпадку даў агульную рэкамендацыю);

5) памылковая і дата пажара ў касцёле 1771 год — мусіць быць 1777 год.
Музей гісторыі касцёла і жыццядзейнасці ксяндза Уладыслава Чарняўскага

Невялічкі музей, створаны па ініцыятыве Тэрэсы Бітэль пры мясцовым доме культуры. Айцец Чарняўскі вядомы і як перакладчык Бібліі на беларускую мову, і як адзіны ксёндз ва ўсёй Беларусі, хто вёў службы па-беларуску — што выклікала злосць і супраціў у іншых ксяндзоў і мясцовых прыхажан. Настроі апошніх ілюструе адчайны ліст ад вернікаў з просьбай вярнуцца да польскай мовы. Трэба было мець вялікую сілу духа, каб выстаяць пад гэтым прэсінгам — і айцец Чарняўскі выстаяў.

Прайшоў час, і маладыя вернікі ў Вішневе звыкліся да беларускай мовы, а зараз мы бачым, што беларуская мова стала дамінантай для нашага касцёла.
Паколькі ксёндз Чарняўся пражыў апошнія 50 гадоў у Вішневе, то назбіраць рэчы было не так і складана. Застаўся таксама і яго прыватны архіў, і бібліятэка (дзе былі многія рарытэтныя першыя выданні беларускіх класікаў). Дапамагалі ў стварэнні музея і мясцовыя прыхажане, у тым ліку здымкамі, якія фіксуюць касцёльнае жыццё за савецкім часам. Моцна паспрыяў стварэнню музея канонік Уладзіслаў Завальнюк.

Паступова канцэпцыя музея разраслася, і стала ўключаць у сябе гісторыю мясцовага касцёла, і гісторыю пашырэння беларускага каталіцызма, дзе вялікая роля адводзіцца Адаму Станкевічу.
Невялічкі куточак прысвечаны мясцоваму паэту і перакладчыку Пятру Бітэлю, які ў сталінскіх лагерах перакладаў “Пана Тадэвуша” А. Міцкевіча.

Цікава адсачыць, што Чарняўскі падтрымліваў цесныя сувязі з нацыянальнай інтэлігенцыяй і за савецкім часам — гэта Адам Мальдзіс, Язэп Янушкевіч, Міхась Чарняўскі і многія іншыя.
Рэшткі металургічнага завода

Апошні канцлер ВКЛ і славуты фізіякрат Яўхім Храптовіч заснаваў у Вішневе металургічны завод, які працаваў на мясцовых рудах і прадукаваў розныя металічныя вырабы (напрыклад, сельскагаспадарчыя інструменты).

У часы росквіту (1830-я гады) на заводзе працавала 72 сталых працаўнікі (плюс часовыя наёмныя работнікі). Але потым паўстаў Данбас, пашырылася чыгунка, і вішнеўскі завод гэтай канкурэнцыі не вытрымаў, зачыніўся.
Захаваліся два заводскія карпусы. Адзін інтэграваны ў машынны двор мясцовага калгаса і больш-менш трымаецца, другі корпус у заняпадзе і паступова разбураецца.
Андравонж

Каля Вішнева Храптовічы пабудавалі сабе паляўнічы палац, аточаны каналам, сярод англійскага парку. У часы Першай сусветнай вайны у палацы знаходзіўся штаб нямецкай пяхотнай дывізіі, пазней там зрабілі піянерскі лагер.
Але ў 1990-я ўсё запусцела, і палац ужо ператварыўся ў руіну — без якіх-небудзь шанцаў на выратаванне.

Багданава
У 1836 годзе дзед мастака Рушчыца, адвакат, таксама Фердынанд, набыў на аўкцыёне маёнтак Богданаў непадалёк ад Валожына, які і стаў больш чым на 100 гадоў родавым гняздом Рушчыцаў. Цэнтральная алея даўжынёй у 240 метраў вяла да сядзібнага двухпавярховага мураванага дома праз браму. Тут была цудоўная бібліятэка, архіў, творы жывапісу і скульптуры, творчая майстэрня. Але Рушчыцы тут фактычна не жылі, бо побач быў другі дом з лістоўніцы, які абкружалі кусты бэзу, ружы, півоні, а за домам, з паўночнага боку, — фруктовы сад і гаспадарчыя пабудовы.

Палац Рушчыцаў у Багданаве спалілі ў ліпені 1944 года, сам жа палац разрабавалі яшчэ ў 1939 годзе, бібліятэку вывезлі на ўсход — і дзе зараз яе шукаць?

У мінулым годзе вяліся размовы што пад 150-гадовы юбілей Фердынанда Рушчыца палац будзе адноўлены, але ніякіх слядоў гэтага не бачна. Але аблокі там фантастычна прыгожыя, толькі ў Багданаве можна дайсці да поўнага разумення пейзажаў мастака.

Цікава, што мастак завяшчаў пахаваць сябе на сямейных могілках, але хацеў каб сэрца яго (па польскай рамантычнай традыцыі) было захаванае ў касцёле святога Барталамея ў Вільні. Апошняе жаданне так і не выканалі. Каб там было сэрца Рушчыца, то наўрад ці б касцёл святога Барталамея аддалі беларускай грамадзе.
Вялае

У 1890-я гады тут зладзіў фаталабараторыю граф Бенедыкт Тышкевіч, каб фатаграфаваць ваколіцы і мясцовых сялян.

І яшчэ адна руіна, толькі ўжо не палаца — закінуты савецкі санаторый “Лясное” з таямнічай гісторыяй свайго заняпаду.

Апошнім пунктам вандроўкі сталі могілкі нямецкіх салдат часоў Першай сусветнай вайны ў Дзесятніках.