Аўтар: Жэня Ахоціна / Інстаграм @ohotyna
Фота аўтара
Як кажуць, якія песні, такія і мы, а я адзначу: які час, такія і кнігі. Гэты год быў адметны для беларусаў, што добра заўважна па чытацкіх перавагах: адзначаецца большая зацікаўленасць літаратурай на беларускай мове. Беларусы шукалі ў кнігах той настрой, які пануе вакол нас.
Джордж Оруэл «1984»
Кніга стала лідарам продажаў мінулага года ў выдавецтве «Янушкевіч», якое прэзентавала сёлета новае выданне перакладу на беларускую мову. Таксама кніга была першай па продажах сярод мастацкай літаратуры на найбуйнейшым кніжным сайце oz.by.
Паглядзела статыстыку пошукаў гэтай кнігі ў Яндэксе і была здзіўленая: колькасць запытаў па «1984» летам дасягнула свайго гістарычнага максімуму — 26 000 за месяц. У інтэрнэце часта жартуюць, што гэта кніга, у якой цяпер жывуць беларусы.
Падчас напісання кнігі Оруэл вынайшаў шмат аўтарскіх неалагізмаў, якія пасля пачалі выкарыстоўваць у палітыцы i не страцiлi сваёй актуальнасцi пасля шмат гадоў. Напрыклад, двухдумства, паліцыя думак, пакой 101, міністэрства праўды, новамоўе, чорнабел, тэлекран, дзiра памяцi.
Вось цытата, якая сапраўды занурае ў свет гэтай кнігі:
Ужытае ў дачыненнi да ворага, яно азначае звычку бессаромна сцвярджаць насуперак вiдавочным фактам, што чорнае — гэта белае. Ужытае ў дачыненнi да сябра Партыi, яно азначае сумленную гатовасць назваць чорнае белым, калi гэтага запатрабуе партыйная дысцыплiна. Але яно азначае таксама здольнасць верыць, што чорнае — гэта белае, i нават ведаць, што чорнае — гэта белае, i забыцца, што некалi было iнакш.
Чытаць ці не — вырашаць вам. Я адназначна за, кніга вялікая.
Альгерд Бахарэвіч «Апошняя кніга пана А.»
Кнiга расказвае пра акалічнасці пісьменніцкай працы, складаецца з 31 казачна-фантастычнай гісторыі, дзе цесна пераплятаюцца дзівоснае і рэальнае. Гэтыя гісторыі адрозніваюцца па стылістыцы і жанрах, яны амаль не звязаныя паміж сабой, але пад канец чытач зразумее іх сувязь з жыццём галоўных герояў — Купца, яго сям’і і Пана А.
Пан А. пазычыў у Купца 10000$ і, каб разлічыцца, цяпер вымушаны кожны вечар прыдумваць новую казку, якую ацэньваюць усе жыхары дома. У выніку атрымоўваюцца сучасныя казкі — не такія, якiя мы прывыклі чуць. Але хутка ўсе зразумеюць, што творчасць не можа залежаць ні ад загадаў, ні ад правілаў.
Першая гісторыя пачынаецца так:
Я дзякаваў Часу, у якім мне выпала жыць, бо ці змог бы я прыдумаць хоць нейкую гісторыю, калі б ня быў пісьменным і не атрымаў дармовую адукацыю, як і ўсе мае сучасьнікі; ці змог бы я прыдумаць хоць нейкую гісторыю, калі б не прачытаў тысячы іншых гісторый, не прачытаў і не пасяліў у сваёй памяці?
Я дзякаваў вам, Людзі Будучыні, бо каму яшчэ я мог бы распавесьці ўсё гэта — пра нялёгкі свой лёс, пра тое, якім дзіўным чынам я мусіў вярнуць купцу неасьцярожна ўзятую пазыку, пра сумневы і надзеі, пра дзіўных людзей, якія ўзяліся мяне судзіць, і пра сваю няшчасную мару.
Гісторыя за гісторыяй — і вось ужо канец цудоўнага апавядання. Дарэчы, паводле сумарнага падліку галасоў экспэртаў Радыё Свабода назвала «АПОШНЮЮ КНІГУ ПАНА А.» найлепшай кнігай 2020 года ў намінацыі «Проза».
Андрэй Горват «Радзіва “Прудок”. Дзённік»
Кніга выйшла ў 2017-м годзе. У той жа год атрымала дзве прэстыжныя ўзнагароды — «Дэбют» і «Залатая Літара». Па сённяшні дзень кнiга застаецца актуальнай. Пра гэта сведчыць як мiнiмум тое, што з самага пачатку 2020-га года яна была адной з самых прадаваемых, i толькі ў маі па ёй было 500 запытаў у Яндэксе.
Пра што яна? Кнiга створаная па нататках аўтара ў Facebook i мае біяграфічны характар. Горват працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры, а потым вырашыў кінуць жыццё ў Мінску і пераехаць у амаль разбураную дзедаву хату ў вёсцы Прудок.
У мяне актывізаваўся нейкі паляшуцкі ген, які па 24 гадзіны нудзіць: што яшчэ пасеяць. Зямля прападае дарэмна. Што яшчэ пасадзіць? Купіць карову. Купіць казу. Не, лепей дзве каровы. І казу. Тры. І трактар. І зямлю яшчэ.
Сёння зноў быў у Мінску. Усе людзі памытыя. Гэта ўражвае.
І вось з такіх кароткіх нататак, дыялогаў і маналогаў створанае «Радзіва “Прудок”». Кніга поўніцца беларускiм вясковым гумарам і чытаецца вельмі лёгка. Раю на 100%.
Віктар Марціновіч «Рэвалюцыя»
Насамрэч, гэта мастацкі твор, дзе герой перажывае ўнутраную рэвалюцыю.
Раман з’явіўся 14 кастрычніка 2020-га і амаль адразу пасунуў «Радзіва Прудок» на пазiцыю нiжэй у рэйтынгу oz.by. Як выявілася, Віктар Марціновіч пісаў кнігу на рускай мове каля дванаццаці гадоў.
На сённяшні дзень раман з’яўляецца лідарам продажаў сярод беларускай літаратуры на розных інтэрнэт-пляцоўках.
Па словах аўтара, галоўны герой рамана — семіётык архітэктуры, беларус, які ў сярэдзіне нулявых апынуўся ў эпіцэнтры падзей у сталіцы суседняй дзяржавы. І падзеі гэтыя маглі цалкам знішчыць яго асобу.
Як? Герой праходзіць выпрабаванне ўладай, якая змяняе і яго, і яго жыццё. Абрастанне патрэбнымі сябрамі, хуткае прасоўванне па лесвіцы і, як вынік — поўная дэградацыя. Крок за крокам, і ты ўжо аддаеш загады ці бяздумна іх выконваеш, падпарадкоўваеш сабе людзей. Калі дачытваеш кнiгу да канца, разумееш, як добра быць маленькім чалавекам у гэтай вялізнай знішчальнай сістэме.
Дж. К. Роўлінг. Кнігі пра Гары Потэра
12 кастрычніка 2020 года на беларускай мове з’явіўся доўгачаканы «Гары Потэр і Таемная зала». Але людзі ахвотна пакупалі не толькі другую, але i першую частку — «Гары Потэр і філасофскі камень». Толькі паглядзіце, як інтрыгоўна гэта гучыць на беларускай мове:
Паважаны містар Потэр!
Мы атрымалі інфармацыю, што ў месцы Вашага пражывання сёння ў 21.12 быў выкарыстаны заклён лунання.
Як Вам вядома, непаўналетнім чараўнікам забаронена ўжываць заклёны па-за межамі школы, і далейшае выкарыстанне магіі з Вашага боку можа прывесці да выключэння Вас з вышэйназванай школы (Дэкрэт аб разумным абмежаванні чараўніцтва сярод непаўналетніх, 1875, Параграф «С»). Таксама мы хацелі б Вам нагадаць, што любыя магічныя дзеянні, якія могуць быць заўважанымі немагічным насельніцтвам (магламі) — гэта сур’ёзнае парушэнне 13 раздзела Статута аб сакрэтнасці Міжнароднай канфедэрацыі чараўнікоў. Вясёлых канікул! З павагай, Мафалда Хопкірк.
Многія лічаць, што гэта першыя пераклады «Гары Потэра» на беларускую мову, але на самой справе беларуская «патэрыяна» з’явілася прыблізна ў 2012-м годзе. Гэта былі аматарскія пераклады з арыгіналу (працаваў над імі Дзяніс Мускі), некаторыя — з рускамоўнай кнiгi. Можна спампаваць розныя варыянты ў электронным выглядзе.
Уладзімір Караткевіч «Каласы пад сярпом тваiм»
Класіка беларускага гістарычнага рамана, якую кожны ведае са школы, але не кожны насамрэч ацанiў яе.
Караткевіч стварыў кнігу, якая распавядае пра станаўленне беларускай нацыі і самасвядомасці на прыкладзе шляхетных родаў Загорскіх, Клейнаў, Раўбічаў i іншых. Гэтая кніга дапамагае асэнсаваць, хто беларусы такія і праз што яны прайшлі.
«Дзяржавы праходзяць, і царствы праходзяць, вечнае толькі каханне, і чалавек не можа памерці, не пакінуўшы следу на твары зямным. Не ён, дык яго брат. Дык гары яны гарам, дзяржавы, прападай яны пропадам!»
Гэта кнiга, якая дапаможа асэнсаваць сваю нацыянальную прыналежнасць. Так што, калi марыце разабрацца ў гэтым пытаннi, раю.
Складайце асабісты рыд-ліст і абавязкова ўключыце ў яго хаця б адну з гэтых кніг на беларускай мове. Не пашкадуеце!