У 2019 годзе Купалаўскі тэатр адкрыў свой соты юбілейны сезон. З вядучым акцёрам тэатра, пераможцам у намінацыі «Найлепшая мужчынская роля» (за ролю Хлестакова ў спектаклі «Рэвізор») на XIV Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (Гомель, 2019) ПАЎЛАМ ХАРЛАНЧУКОМ-ЮЖАКОВЫМ пагутарыў Юрась Тамковіч.
Фота са старонкі акцёра ў ВК.
Як стаць акцёрам
Дзень добры, Павел! Вы нарадзіліся ў Гомелі, а маглі б вы сказаць, што для вас значыць гэты горад, і як прайшло ваша дзяцінства?
Ды звычайнае дзяцінства было, як ва ўсіх. Можа быць, ад астатніх я адрозніваўся тым, што с трэцяга класа пайшоў у тэатральны гурток. А ўсё астатняе, усё іншае было, як ва ўсіх: гулялі, прагулівалі, вучыліся. А горад для мяне? Я ж не ўсведамляў, для мяне гэта была дадзенасць: я нарадзіўся ў Гомелі, я там жыў, я нават і не марыў пра іншыя гарады нейкія.
Цяпер для мяне ён можа штосьці іншае, бо гэта ўжо горад майго дзяцінства, горад майго нараджэння, якому я магу даць нейкую адзнаку.
А тады што я? Ну, нарадзіўся і нарадзіўся. Пяціпавярховы панэльны дом — для мяне выбару не было, разумееце? Я ж не мог тады хадзіць па вуліцы: «Ах, Гомель — мая радзіма!». Я быў звычайным хлопцам.
А бацькі вашы кім былі?
Маці ў мяне выхавацелька ў школе-інтэрнаце і яшчэ настаўніца рускай мовы і літаратуры. А тата — сувязіст, ён працаваў у канструктарскім бюро сістэмнага праграмавання: паяльнікі ўсякія, тэлефонная сувязь і гэтак далей. Звычайныя бацькі.
А калі вы вырашылі стаць акцёрам?
Я ў трэцім класе пайшоў у тэатральны гурток не таму, што хацеў быць акцёрам, а таму, што гэта быў адзін з шэрагу гурткоў, куды хадзілі ўсе дзеці. Самба, дзюдо, бокс, каратэ, футбол, музычныя нейкія гурткі — усе ж хадзілі і шукалі штосьці. І вось у шэрагу гурткоў я патрапіў у тэатральны. Так атрымалася, што я там застаўся да 10-га класа. Застаўся, думаю, не таму, што была мара стаць артыстам, а таму, што там падабраўся добры калектыў.
Самую галоўную ролю адыграў кіраўнік дзіцячага тэатра «Сінтэз» — Валерый Пятровіч Курдзюмаў.
А потым, калі я закончыў школу, паўстаў выбар куды ісці, а гэта 90-я гады былі. Я наогул не ведаў куды. Да маці ў школу прыйшоў мастацкі кіраўнік на той час Гомельскага тэатра — Валерый Аляксандравіч Караткевіч. Ён набіраў для сябе артыстаў у студыю, якія б адразу працавалі ў гэтым тэатры.
Маці прапанавала: «Ідзі, высветлі, ці ёсць у цябе талент».
Я пайшоў туды і застаўся. Мне было ўсё адно, я ніяк не планаваў сваю будучыню. Я б напэўна на стаматолага пайшоў, як маці таксама хацела. Не ведаю, чаму так абыякава ставіўся да гэтага выбару. Праўда, я ведаю, што маці знайшла нейкае cачыненне, дзе я хацеў быць альбо футбалістам, альбо артыстам.
Якія складанасці ў прафесіі акцёра?
Цяжкае пытанне. У акцёрскай прафесіі самае складанае — запатрабаванасць. Цяжка справіцца з тым, што вось ты запатрабаваны-запатрабаваны, а потым раз — і паўза такая. Шмат хто не вытрымлівае гэтую паўзу, калі цябе не бяруць, і ты думаеш, што нікому не патрэбны. Складана справіцца з псіхалагічным ціскам.
Тэатральнае жыццё і шлях да беларушчыны
У вас жа дзве адукацыі — рэжысёрская і акцёрская?
Так.
Ну вось вы зараз працуеце па акцёрскай спецыяльнасці.
Так.
А па рэжысёрскай?
Не, не працую.
А працавалі калі-небудзь?
Працаваў. На першых парах… Ставіў спектаклі ў тэатры імя М. Горкага, ну і яшчэ некаторыя.
Не хацелі б, вярнуцца?
Не раз думаў пра гэта. Мне гэта цікава, але набітай рэжысёрскай рукі, як кажуць, у мяне няма.
Калі вы ў будучыні ўсё ж такі будзеце рэжысёрам, то які б спектакль, фільм вы хацелі паставіць?
Ведаеце, я магу выказвацца толькі на тыя тэмы, якія мяне закранаюць. Тэма вернасці альбо здрады, альбо, калі чалавек хоча штосьці зрабіць значнае. Жаданне паслужыць Богу, напрыклад, паставіць храм. Што ім кіруе? Усё ж такі, жаданне сябе ўзвысіць, альбо сапраўды гэта такая ахвярнасць у чалавека. Цікава таксама мне тэма ўлады. Тэма паэтаў і ўлады.
Вы ж удзельнічаеце ў акцыі «Нерастраляная паэзія»?
Удзельнічаю. Так, мы пару раз здымаліся ў трэйлеры для гэтай акцыі, потым у Курапатах чытаў вершы з жонкай… Гэта было забойства, проста знішчылі ядро беларускай літаратуры.
У 2006 годзе вы пакінулі тэатр імя М. Горкага. Ці доўга вы шукалі працу, чым займаліся?
У Маскве працаваў другім рэжысёрам у серыяле. Дарэчы, добра зарабляў, мяне яшчэ потым клікалі туды, проста здымацца. А прыкладна праз тры гады, пасля сыходу, я быў запрошаны ў Купалаўскі тэатр. Да гэтага часу тут працую.
Вы казалі, што вас вабіць беларуская мова. Калі вы ўвогуле зацікавіліся беларушчынай, мовай?
Я думаю, што, калі я ўжо працаваў у тэатры імя М. Горкага. У 2004-м, напэўна. Да гэтага я адмоўна ставіўся да беларускай мовы, таму што я, звычайны гомельскі хлопец, думаў, што беларуская мова — мова калгасная і гэтак далей, як і большасць маіх равеснікаў. Не ведаю, адкуль у мяне была гэтая думка ўзялася. Звычайна, што не майго розуму.
А потым, калі я ўжо стаў больш сталым, хтосьці пры мне выказаўся пра беларускую мову як пра калгасную, і тады я запытаў сябе, а чаму так?
Пачаў заглыбляцца, гісторыю глядзець, па-беларуску штосьці чытаць. Тады яшчэ класны спектакль ішоў «Раскіданае гняздо». Там музыка была і спевы, і само гучанне мовы такое… Прычым тэатр Рускі быў. Чытаючы гісторыю, літаратуру, я зразумеў, што гэтую мову яшчэ і забаранялі, яшчэ і растрэльвалі, каб мы забыліся яе.
І вось з таго часу вы на беларускай мове размаўляеце?
Не магу сказаць, што я ўвесь час размаўляю. Я размаўляю дома, у тэатры, у крамах па-беларуску. А з людзьмі, якіх з дзяцінства ведаю, не магу.
А жонка вашая беларускамоўная?
Яна беларускамоўная, беларуска-расійскага паходжання. З Мурманска родам.
А дзе вы яе сустрэлі?
У Акадэміі мастацтваў, калі я вучыўся.
Які ў вас любімы спектакль у Купалаўскім тэатры і на які трэба абавязкова схадзіць?
Немагчыма зрабіць адназначны выбар. Мне вельмі падабаюцца «Людзі на балоце», «Арт» і «Офіс», на жаль, апошні ўжо не ідзе. «Пінская шляхта», таму што там Манаеў выключна іграе. Яшчэ «Радзіва Прудок», таму што там матэрыял цалкам беларускі.
Якая ваша лепшая акцёрская роля? У якім спектаклі, фільме?
Давайце лепш пра тэатр. Я фільмы ў разлік не бяру, таму што з фільмамі ў мяне адносіны дзіўныя. З тэатрам лепей.
Скажу, што гэта гомельскі спектакль «Дванаццатая ноч», які ставіў Андрэй Бакіраў.
Гэта, здаецца, была мая першая роля, дзе я зразумеў, што акцёрства — гэта прафесія, што гэта класна. Да гэтага часу шмат чэрпаю адтуль, з той ролі, з той працы, ад усяго: разбор, аналіз і гэтак далей. Тады проста быў такі майстар-клас, ад якога я да гэтага часу адштурхоўваюся.
Ёсць у мяне яшчэ такое пытанне: як вы ставіцеся да крытыкі?
Трэба ж дзяліць, так? Ёсць крытыка проста разбуральная — так можа любы. А калі гэта крэатыўная крытыка, калі ў ёй ёсць стваральная энергія, пасля якой хочацца перарабіць, або перазразумець, то гэта добра. Калі крытыкуеш — прапануй і аргументуй — тады нармальна.
Вы самі іграеце на сцэне, а сядзіце вы ў глядзельнай залі калі-небудзь?
Ну вось учора і сёння сядзеў на прэм’еры «Караля Ліра», сёння яшчэ хадзілі ў лялечны тэатр, глядзелі «Туту Ларсэн». Не вельмі часта, але бывае.
Я вельмі ўдзячны глядач. Я ў Кіеве, у Піцеры, калі здымаўся, стараўся абавязкова пайсці ў тэатр.
А чым адрозніваюцца нашы тэатры ад тэатраў украінскіх, расійскіх?
У расійскіх, як я бачыў, большы размах, туды вялікія грошы ўкладзены. А ўкраінскі тэатр — ён, напэўна, больш эмацыйны. Нашы акцёры троху з аддаленнем ад персанажа іграюць, не цалкам, а там такое паглыбленне, там гэта лічыцца нармальным. Гэта прыгожа, гэта ім уласціва.
А ў заходнееўрапейскіх тэатрах былі?
У заходнееўрапейскіх — не, толькі на фестывалях бачыў спектаклі. Падыход у іх іншы. Яны часта зусім адыходзяць ад персанажа, там вельмі важная форма. А ў нас бываюць пастаноўкі такія, быццам у 1940-я разважаем, куды нам ісці.
Некаторыя кажуць: «Не трэба перагружаць гледача.
Прыйдзе чалавек пасля працы, хай сабе адпачне».
А некаторыя наадварот такія завароты робяць з левага вуха на правае, што глядзець немагчыма. У нас ёсць цудоўныя рэжысёры: Пінігін, Карняк, драматургі: Багаслаўскі, Ташко і гэтак далей, ёсць добрыя артысты. Зараз я даволі спантанна ахарактарызаваў сітуацыю, можна сказаць, мазкамі.
У чым сакрэт поспеху? Вось чаму вы паспяховы акцёр, а іншыя — нет? Што трэба рабіць, каб быць паспяховым?
Мне вельмі прыемна, калі мне за тэатральныя працы кажуць «дзякуй», а не калі ўзгадваюць «я вас у кіно бачыў». Таму што кіно — гэта зусім іншае, кіно па тэлевізары паказваюць, а калі ў тэатр людзі ходзяць — гэта прыемна.
Мне падаецца, што трэба атрымліваць асалоду ад таго, што ты робіш, дзе б ты ні быў, у чым бы ні ўдзельнічаў.
Усё трэба рабіць з добрым настроем і адчуваць сябе на сваім месцы. Калі, іграючы на сцэне Купалаўскага тэатра, ты будзеш думаць «Чаму я не ў іншым тэатры» — гэта на цябе будзе разбуральна ўздзейнічаць. Ты тут, ты патрэбны і ўсё. Атрымлівай асалоду, святло ў залі выключана — паехаў. Радуйся.
Пра сям’ю і пра сябе
Давайце зараз завершым з тэмай тэатра. Вы шматдзетны бацька. Як гэта, быць у Беларусі шматдзетным бацькам? Як вы выхоўваеце сваіх дзяцей? Як разам адпачываеце?
Ну, я думаю, што супольны прагляд кіно або паход у тэатр — гэта від супольнага адпачынку. Калі будзе машына, будзем падарожнічаць.
Як выхоўваю? Абапіраючыся на чалавечыя, хрысціянскія каштоўнасці, з павагай да іншага чалавека, да яго поглядаў. Мы стараемся размаўляць па-беларуску ў сям’і, прытым што дзеці ведаюць расійскую мову і вывучаюць англійскую.
Дзеці вашы ў беларускамоўнай школе навучаюцца?
Так, у асноўным. Яны на дыстанцыйным навучанні, таму гэта больш ад рэпетытараў залежыць. Бывае, рэпетытары пераходзяць на беларускую мову, бывае на рускую. Я хацеў бы, каб яны вучыліся да апошняга, каб у іх кругагляд быў, бо працаваць бармэнам, або недзе ў фаст-фудзе — гэта заўсёды мажліва. Хацелася б, каб яны вышэй скокнулі.
Якая ваша любімая кніга, фільм і песня?
З кніг мне вельмі падабаюцца «Дванаццаць крэслаў» Ільфа і Пятрова, «Запіскі Піквікскага клуба» Дзікенса і «Краіна віна» Мо Яня.
Фільм? Ну я адразу ўзгадваю «Каханкі з маста Понт-Нёф» Леаса Каракса. Таксама вельмі падабаецца «Фані і Аляксандр» Бергмана. Яго на Каляды, на Новы год вельмі класна паглядзець.
Песня? Ёсць такі спеў, называеца ён «Іt’s impossible». Perry Como. Думаю, што гэта адзін з любімых.
Ваш любімы літаратурны герой?
Астап Бэндэр, напэўна
А якія гістарычныя асобы ў вас выклікаюць сімпатыю?
Касцюшка — гэта з нашых. Чытаў яго біяграфію. А не з нашых — Стыў Джобс.
А які ваш любімы паэт?
Бадлер і Бродскі, Б – Б.