Моцны — интернет-портал > Спецпроект > Булгарин > ПЕРАМОГА І ПАРАЗА ЗДАРОВАГА СЭНСУ, АБО ВЯРТАННЕ БУЛГАРЫНА

 

ПЕРАМОГА І ПАРАЗА ЗДАРОВАГА СЭНСУ, АБО ВЯРТАННЕ БУЛГАРЫНА

Аўтар: Аляксандр Фядута

ПЕРАМОГА І ПАРАЗА ЗДАРОВАГА СЭНСУ, АБО ВЯРТАННЕ БУЛГАРЫНА
Фаддей Венедиктович Булгарин в своем кабинете.
Гравюра В. Ф. Тимма. 1853.

Хто ж такі Фадзей Булгарын — беларус, імя якога назаўсёды ўпісана ў гісторыю рускай культуры пушкінскай эпохі? Як сын дробнага беларускага шляхціца здолеў выклікаць да сябе такое супярэчнае стаўленне — або рэзка варожае, або сяброўскае, але практычна ніколі — абыякавае? Устойлівая рэпутацыя агента тайнай палітычнай паліцыі, што спадарожнічала Булгарыну у другой палове ягонага жыцця, мала што тлумачыць у ягоным характары, бо ніхто не задаваўся пытаннем: што падштурхнула Булгарына да супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй? Мы дагэтуль не маем колькі-небудзь падрабязнай біяграфіі Булгарына, а адзіны буйны біяграфічны нарыс, які належыць вядомаму дарэвалюцыйнаму даследчыку літаратуры і грамадскага руху Міхаілу Лемке, з’яўляецца, на наш погляд, хутчэй палітычным памфлетам, чым аб’ектыўным партрэтам. Пра маладосць Булгарына чытач можа больш падрабязна даведацца з фрагментаў ягоных успамінаў, якія друкуюцца ў гэтым выданні, пра старасць — з успамінаў пра Фадзея Венядзіктавіча і каментароў да іх. Тут жа, перш за ўсё, мы паспрабум даць кароткі нарыс ягонага жыцця і больш падрабязна прааналізаваць, чым абумоўлена тое месца, якое заняў урэшце Булгарын у літаратурным працэсе.

Тадэвуш Булгарын нарадзіўся 24 чэрвеня (5 ліпеня па новым стылі) 1789 года ў маёнтку Пёрышава) (цяпер побач з гэтым месцам вёска Пырашава Уздзенскага раёна Мінскай вобласці). Гэта была адвечная тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага. Ягоны бацька, як і большая частка шляхты, спавядаў каталіцкую веру, часткова таму пытанне пра этнічнае паходжанне будучага пісьменніка лічыцца спрэчным: у Расійскай імперыі «католік» і «паляк» былі амаль сінонімамі. Разам з тым, людзі, якія блізка ведалі Булгарына і добра да яго ставіліся, часцей гаварылі пра яго ўсё ж як пра беларуса. Ва ўспамінах В. А. Пржацлаўскага, што публікуюцца ў гэтым выданні, неаднаразова гаворыцца пра выдаўца «Северной пчелы» менавіта як пра беларуса, прычым рэдактар «Русского сборника», у якім яны былі ўпершыню надрукаваны, У. Ф. Пуцыковіч, суправаджае кожную такую згадку злоўмільным выпадам кшталту: «Нішто сабе беларус, калі ваяваў з Расіяй на баку злейшага ворага яе (Напалеона — А. Ф.)!» Разам з тым Пржацлаўскі, сам паляк з паходжання, які да таго ж добра ведаў Булгарына яшчэ па Вільні, у беларускіх каранях яго не сумняваўся. I, верагодна, сам Булгарын, называючы сваю радзіму Польшчай, меў на ўвазе не столькі землі, населеныя этнічнымі палякамі, а федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую, у якой беларускія (літоўскія) землі мелі статус самакіроўнай тэрыторыі.

Пра бацьку Булгарын падрабязна і з вялікай любоўю піша ў першай частцы мемуараў, якая публікуецца ў гэтым томе цалкам. Бенядзікт Булгарын сапраўды быў актыўным прыхільнікам Рэчы Паспалітай — гэтай своеасаблівай федэратыўнай рэспублікі, на чале якой быў выбарны кароль. Бенядзікт Булгарын быў блізкі да легендарнага героя вайны за незалежнасць Амерыкі Тадэвуша Касцюшкі (пазней сам Фадзей Венядзіктавіч нават распаўсюджваў легенду, што Касцюшка быў ягоным хросным бацькам), прычым погляды свае афішаваў настолькі адкрыта, што нават зазнаў працяглы арышт. Можна сцвярджаць, што ў доме існаваў сапраўдны культ Касцюшкі. Адна з самых яркіх старонак мемуараў Булгарына ўзнаўляе наступную сцэну. Маленькі Тадэвуш, гуляючы з госцем дома — вядомым расійскім генералам баронам I. Я. Ферзенам (дарэчы, ён браў Касцюшку ў палон), гаворыць Ферзену, які яму спадабаўся: «Дзядзька, я не заб’ю цябе, нават калі мне дзядзька Касцюшка загадае!» Булгарын ствараў звод сваіх успамінаў у той перыяд, калі сам імкнуўся выглядаць безумоўным патрыётам Расіі, таму цалкам верагодна, што гэты эпізод ацалеў ва ўспамінах толькі таму, што ягоны цэнтральны персанаж, які паспеў пастарэць, успрымаў яго на той час толькі як мілае дзіцячае свавольства. Разам з тым, відавочна, што дома пытанні ўзаемадачыненняў Польшчы і Расіі абмяркоўваліся часта і адкрыта, таму не дзіва, што для маленькага Тадэвуша рускі, нават такі добры, як граф Ферзен, — усё-такі вораг, з якім трэба змагацца.

Рэчы Паспалітай як дзяржавы ўжо не існавала. Яна была падзелена паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, фактычна захоплена і знішчана. Хлопчык рос, і яму належала атрымаць адукацыю. Ва ўзросце дзевяці гадоў, у 1798 годзе, яго вязуць у Пецярбург, дзе ён паступае ў Сухапутны шляхецкі кадэцкі корпус, (дырэктарам якога, дарэчы, з’яўляецца ягоны стары знаёмы — усё той жа Іван Яўстаф’евіч Ферзен). Ваенныя веды потым прыдадуцца Булгарыну — ён будзе паспяхова ўдзельнічаць у трох ваенных кампаніях. Булгарын змагаўся ў 1806—1807 гг. на баку рускіх супраць французаў, у 1808 годзе ўдзельнічаў у шведскай кампаніі, нарэшце, ён будзе актыўна змагацца ў войсках Напалеона і нават быў узнагароджаны ордэнам Пачэснага легіёна. Між іншым, ва ўсіх трох войнах Фадзей Булгарын праявіў сябе мужным воінам, так што ў ягоным паслужным спісе лічацца не толькі французская, але і расійскія ваенныя ўзнагароды. Праўда, і пад час навучання ў кадэцкім корпусе Булгарын не забывае пра «хатнія ўрокі». Адзін з ягоных аднакашнікаў, будучы генерал-маёр і герой руска-французскай вайны 1812 года Апалон Марын, малодшы брат вядомага паэта-сатырыка пачатку стагоддзя, аднаго з забойцаў імператара Паўла I Сяргея Нікіфаравіча Марына, будзе згадваць: «Адзін час Булгарын выхваляўся, што калі выйдзе з корпуса, то пяройдзе да палякаў і будзе рэзаць рускіх; за гэта Булгарын быў пабіты А[палонам] Н[ікіфаравічам], а ўслед за тым і іншымі таварышамі» . Ды і сам Булгарын ва ўспамінах, увогуле, не хаваў, што білі яго аднакашнікі, кіруючыся перш за ўсё ягоным «польскім» паходжаннем — своеасаблівай «пятай графой».

Адразу ж пасля заканчэння корпуса будучы пісьменнік паспяхова прадэманстраваў усю рэзкасць і нязручнасць свайго характару. Пад час сваёй службы ва уланскім палку, шэфам якога быў цэсарэвіч і намеснік Польшчы вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, Булгарын напісаў на яго сатыру, за што быў пасаджаны пад арышт, а яшчэ пазней, паслужыўшы яшчэ ў трох палках, ён будзе зусім адлічаны «з прычыны кепскай атэстацыі».

У гэты перыяд яму давялося паспытаць гора. Ён зведвае крайнюю галечу, так што, верагодна, значна пазней менавіта ўспамін пра гэты перыяд зробіць яго не вельмі разборлівым у сродках, калі Булгарыну давядзецца літаральна змагацца за сваё месца на літаратурным і газетным рынку Пецярбурга. Беднасць гоніць яго з горада ў горад — Рэвель (Талін), Варшава, адтуль у Парыж. У Парыжы ён уступае ў французскую армію пад камандаваннем маршала Сюшэ.

Пазней яго будуць абвінавачваць у тым, што ён ваяваў на баку Напалеона і таму можа лічыцца здраднікам. Фактычна ж, на наш погляд, расійскі падданы Фадзей Булгарын зусім не здраджвае бацькаўшчыне: у 1811 годзе Францыя і Расія не знаходзіліся ў стане вайны, хоць адносіны паміж імі былі далёкія ад ідылічных, так што ўчынак Булгарына можна разглядаць як свайго роду спробу стаць наймітам і ваяваць на чужой тэрыторыі за грошы (сапраўды, ён спачатку ваюе на тэрыторыі Іспаніі, і толькі значна пазней у складзе корпуса апынецца на французска-расійскім фронце). Пры гэтым ён знаходзіцца ў адстаўцы, так што вольны распараджацца сабою. Але ўсё-такі, чаму менавіта Францыя?

Насмелімся выказаць адно заканамернае, на наш погляд, дапушчэнне. Знешне паводзіны Булгарына выглядаюць як паводзіны героя круцельскага рамана, пікарэскі. Круцялём яго ўспрымае і большасць навакольных. Аднак у ягонай уласнай свядомасці стала прысутнічае іншы ўзор — Тадэвуш Касцюшка, чалавек, чыё імя ён носіць і чыя гісторыя для нараджэнца Рэчы Паспалітай прыпадабняецца да гісторыі героя рыцарскага рамана. Імя Касцюшкі, вялікага цёзкі, асацыюецца перш за ўсё з Амерыкай, а затым з рэвалюцыйнай Францыяй. Але Францыя значна бліжэй; як кожны расійскі афіцэр, Булгарын валодае французкай мовай. Да таго ж, Напалеон вядзе рэвалюцыйныя войны з іспанскімі і неапалітанскімі Бурбонамі, з іншымі манархіямі Еўропы, і адваяваныя землі набываюць статус самастойных дзяржаваў. Няхай каралямі і герцагамі становяцца ўчарашнія фурманы і шаўцы — гэта цалкам адпавядае калі не рэспубліканскай форме, то ўжо духу рэспублікі напэўна. У планах Напалеона існавала ўтварэнне, адпаведна Тыльзіцкай мірнай дамове, — Герцагства Варшаўскага, а ў ягоных войсках быў сфармаваны цэлы Польскі легіён. Так што Булгарын не адзінокі ў сваёй веры ў Напалеона. У рэшце рэшт, Напалеон наўпрост гаварыў: «У выпадку вайны, калі поспех будзе на маім баку, то першым вынікам яго будзе самастойнасць Польшчы» . Да таго ж, Францыя не ўдзельнічала ні ў адным з падзелаў Рэчы Паспалітай, таму надзея на адраджэнне дзяржаўнасці радзімы ў былых яе грамадзян, што ваююць на баку французаў, ёсць…

Свае ўспаміны Булгарын абрывае менавіта на 1812 годзе. Расійскаму падданаму сапраўды не выпадае прыгадваць, як ён ваяваў супраць Расіі. I, зразумела, цалкам немэтазгодна было б лішні раз нагадваць пра гэта сваім палітычным і дзелавым праціўнікам-канкурэнтам. Але непасрэдныя ўспаміны, уражанні ад удзелу ў руска-французскай вайне лягуць у аснову ягонага рамана «Пётр Іванавіч Выжыгін» — другога буйнога рамана пра 1812 год пасля вядомага рамана М. М. Загоскіна «Рослаўлеў, або Рускія ў 1812 годзе». У гэтым булгарынскім творы акрамя заўсёднай прыхільнасці пісьменніка да моцна закручанага авантурнага сюжэта выявіцца і несумненная назіральнасць аўтара: у кожным разе, тыя эпізоды, у якіх «просты народ» разважае пра становішча ў арміі пасля прыходу да кіраўніцтва ёю М. I. Кутузава, або размовы французскіх салдатаў пра перспектывы заканчэння вайны, пра баявое майстэрства і адвагу рускіх, даволі праўдападобныя, хоць, несумненна, далёкія ад высокай мастацкай праўды «Вайны і міру».

Цікавы і той факт, што Булгарын быў адзіным расійскім літаратарам, які асабіста сустракаўся з Напалеонам. Вядома, што менавіта па асабістым загадзе гэтага імператара Булгарын за паспяховае выкананне даручэння быў узведзены ў чын капітана французскай арміі.

ПОЎНЫ ТЭКСТ ПУБЛІКАЦЫІ ЧЫТАЦЬ ТУТ

Фядута А. Перамога і параза здаровага сэнсу, або Вяртанне Булгарына / Булгарын Ф. Выбранае / Фадзей Булгарын; Уклад., прадм., камент. А. Фядуты. – Мн.: Беларускі кнігазбор, 2003. С. 5–42.