Аўтар: Ігар Запрудскi
Водгук на кнігу: Фадзей Булгарын «Выбранае» («Беларускі кнігазбор»)
Далёка не ўсё з напісанага творцам успрымаецца сучаснікамі з эйфарыяй. Літаратурны даробак Францішка Скарыны, Васіля Цяпінскага, Яна Баршчэўскага і многіх іншых айчынных працаўнікоў слова не дачакаўся належных ацэнак пры жыцці аўтараў. Нават найбольш вядомая сёння ў свеце мастацкая рэпрэзентацыя беларусаў – паэма «Новая зямля» Якуба Коласа – напачатку была прынята суайчыннікамі даволі стрымана. Але здараецца і наадварот. У свой час пісьменніка ведаюць усе, ён карыстаецца, здаецца, заслужанай вядомасцю, але для нашчадкаў яго творчасць не ўяўляе цікавасці і прыцягвае ўвагу толькі малалікага кола «вузкіх» спецыялістаў, яго забываюць, або памятаюць, як таго Герастрата, толькі па прычыне нейкіх эксцэнтрычных і неардынарных учынкаў. Так сталася і з нашым земляком Тадэвушам Булгарыным (1789–1859). Праўда, само імя зацятага і ваяўнічага антаганіста Гогаля і Пушкіна і сёння ведаюць многія, але пра яго творчую спадчыну, як правіла, не маюць ніякага ўяўлення. Ён, нібы той міфічны двуаблічны Янус, твары якога глядзелі ў супрацьлеглыя бакі, не толькі па іроніі лёсу меў нават як бы два імені Тадэвуш і Фадзей.
На першы погляд, да асобы Булгарына сапраўды стасуецца вызначэнне «тутэйшы» Герастрат. Бо не яго літаратурныя творы, а імя перажыло дзесяцігоддзі і для многіх пакаленняў адукаваных людзей стала асацыіравацца з ваяўнічай беспрынцыпнасцю і ніжэйшымі подлымі гатункамі сэксоцтва. Сёння ў масавай свядомасці Булгарын – гэта хутчэй нават і не пісьменнік ці журналіст, а сімвал надзеленай пэўнай уладай агрэсіўнай крывадушнасці і несумленнасці. У крытычнай абмалёўцы яго вобраз паўстае і ў паэме «Тарас на Парнасе», дзе «плюгавы, дужа некрасівы … пан» за любую перашкоду на шляху да вяршыні гары музаў пагражае аблаяць кожнага «на ўвесь свет». Зрэшты, да гонару аўтара паэмы трэба сказаць: ён адзначыў, што не з пустымі рукамі гэты нахабнік лезе на Парнас, а з «вялікім мехам», набітым кніжкамі і газетамі. Зразумела, пры такой рэпутацыі Булгарыну ніколі не пагражала «небяспека» стаць героем серыі «Жизнь замечательных людей». Як не стамляўся паўтараць адзін знаёмы: «Замечательные люди те, которые всё замечают». А ў назіральнасці і прадбачлівасці Булгарыну не адмовіш.
Нават для сённяшняй ліберальнай Расіі Булгарын не можа стаць станоўчым героем, хоць дзякуючы менавіта яму рускі чытач атрымаў «Гора ад розуму» Грыбаедава, хоць Пушкін у 1824 годзе зусім невыпадкова адносіў яго да тых нямногіх літаратараў, меркаванне якіх трэба паважаць, хоць рэдактар «Северной пчелы» спрыяў папулярнасці «Героя нашага часу» Лермантава, рэальна дапамагаў апальнаму празаіку-дзекабрысту Бястужаву-Марлінскаму і ўвогуле зрабіў нямала карыснага для развіцця рускай літаратуры. Што б там ні казалі, але якраз Булгарын з’яўляецца пачынальнікам у рускім пісьменстве шэрагу жанраў, у тым ліку прыгодніцкай літаратуры, ён так ці інакш паўплываў на творчасць дзесяткаў паслядоўнікаў у галіне займальнай белетрыстыкі. Аднак дагэтуль спробы літаратурнай рэабілітацыі Булгарына, у якога дарэчы былі сталыя канфлікты і непаразуменні з цэнзурай, поспеху не мелі.
Перабольшаныя сэксоцкія сувязі Булгарына з ІІІ Аддзяленнем і адпаведная палітычная дыскрэдытацыя – вось адзнакі міфалагізаванага «антыгероя», постаць якога не магла быць вакантнай у гісторыі рускай літаратуры. Як Лукаш Бэндэ ў нас, так Булгарын у нашых суседзяў з’яўляецца ўвасабленнем не бяскрыўднага багемнага эпатажніка, а прагматычнага і цынічнага калялітаратурнага дзялка. «Антыгерой», своеасаблівы Мефістофель рускай літаратуры не павінен быў быць рускім па паходжанні. У гэтым сэнсе постаць Булгарына з самага пачатку была вельмі стасоўнай да іміджу адыёзнага літаратара, якім ён і стаў далёка не толькі дзякуючы халерычнаму тэмпераменту, але і актыўнай «дапамозе» «истинно русских» сяброў і таварышаў па пяру.
У ХVІІІ стагоддзі ледзь не манапольнымі асветнікамі Расіі былі немцы. У першай трэці ХІХ стагоддзя, пасля гвалтоўнага далучэння да імперыі значнай часткі Рэчы Паспалітай, паступова, але няўхільна асветніцкія функцыі ўсё больш пачалі пераходзіць да ўраджэнцаў так званых заходніх губерняў. І гэта былымі «настаўнікамі», ініцыятарамі распрацоўкі нарманскай тэорыі, з якой люта змагаўся Ламаносаў, успрымалася з вялікім нежаданнем. На працягу вельмі доўгага перыяду расійскай гісторыі Фанвізіны, Дэльвігі, Кюхельбекеры, Феты і іншыя шчыра і не без поспеху імкнуліся быць большымі рускімі, чым самі рускія. Паказальная ў гэтым сэнсе недыферэнцыраваная і цікавая ацэнка Ф. Вігеля, які ў 1853 годзе, проціпастаўляючы Булгарына, Грэча і Сянкоўскага Герцэну, Бакуніну і Чарнышэўскаму, пісаў: «Россия не имеет сынов преданнее обрусевших немцев и врагов злее онемеченных русских». Менавіта Грэч, які сапраўды быў «абруселым немцам», пазнаёміў Булгарына з кіраўнікамі ІІІ Аддзялення фон Фокам і «мілейшым» Бенкендорфам, ад якога і пайшла пагалоска пра супрацоўніцтва выдаўца з тайнай паліцыяй. Але самога Булгарына і Сянкоўскага да такой катэгорыі аднесці ніяк нельга, бо іх нават наўрад ці можна назваць «абруселымі палякамі».
Напрыклад, сам Булгарын у хуткім часе пасля падарожжа на Беларусь так ахарактарызаваў сябе ў студзені 1836 года ў лісце да вядомага краёвага гісторыка Т. Нарбута: «Я той самы Булгарын, ліцвін, які стаў пісьменнікам на рускай мове, і выдавец «Северной пчелы». А В. Пшацлаўскі, заўважыўшы, што Булгарын «не вызначаўся літаратурнай добрасумленнасцю», у мемуарах «З успамінаў пецярбургскага старажыла» пісаў:
«Есть, по крайней мере в моё время были, Булгарины богатые и очень бедные. Фаддей Бенедиктович принадлежал к последней категории и был белорус».
Беларусам называў гэты мемуарыст і В. Сянкоўскага. Хоць супраць Булгарына выступалі Бялінскі, Дабралюбаў, Някрасаў, Курачкін, Мінаеў, але самым злосным выкрывальнікам яго «падкопаў», бацькам булгарынскага міфа быў М. Лемке (1872–1923), гісторык грамадскай думкі і член ВКП (б), асоба відавочна неславянскага паходжання. Ва ўсякім разе, імя і дзейнасць Булгарына і сёння наўрад ці нехта з рускіх даследчыкаў наважыцца назваць арганічнай часткай літаратурнага працэсу свайго часу, настолькі глыбока засвоена перакананне, што булгарыншчына – анамалія.
Тым больш усцешна, што на радзіме Булгарына ў 2003 годзе намаганнямі Аляксандра Фядуты ў серыі «Гісторыка-літаратурныя помнікі», бадай, славутага ўжо «Беларускага кнігазбору» ўбачыў свет важкі том – Фадзей Булгарын «Выбранае». Адразу адзначым, што ўкладальнік зборніка зусім небесстаронні і нават, у добпым сэнсе, прадузяты. Так, літаратурна-крытычныя артыкулы Булгарына, якія займаюць значнае месца ў спадчыне пісьменнніка і за якія ён і пасля смерці церпіць не заўсёды заслужаную «знявагу», у выданні не прадстаўлены. Адкрывае яго раздзел «Успаміны, нарысы». Не маючы намеру даваць анатацыйную характарыстыку змешчаных у ім матэрыялаў, абмяжуемся толькі некаторымі заўвагамі. У першай частцы «Успамінаў», звязаных з дзяцінствам Булгарына, якое прайшло пераважна на Міншчыне, добра абмаляваны адметны патрыярхальны каларыт, шляхецкая пыха і антырасійскія патрыятычныя настроі, якія доўгі час вызначалі характар побытавых узаемаадносінаў жыхароў Беларусі на памежжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў. Чытаючы мемуары, становіцца зразумелым, чаму Булгарын браў непасрэдны ўдзел у руска-французскай вайне 1812 года на баку Напалеона. Пазней, кажучы пра гэты перыяд жыцця, ён часам сціпла замоўчваў «невыгодныя» для сябе факты, таму што нават саму ідэю вызвалення і аднаўлення Рэчы Паспалітай, за якую змагаўся са зброяй у руках, лічыў утопіяй.
Вельмі цікавыя і багатыя на тонкія назіранні «Падарожныя нататкі з паездкі з Дэрпта у Беларусь і назад увесну 1835 года». Дарэчы, гэта адзін з першых у ХІХ стагоддзі (вартых увагі па шырыні і ахопу матэрыялу) прыкладаў своеасаблівага жанру «падарожжа» па нашым краі.
Тут ёсць даволі шмат малапрыемных, але ў многім справядлівых заўваг пра асаблівасці беларускага нацыянальнага характару.
Прыкладам: «Характеристика белорусского крестьянина! Дом его, упряжь, одежда, домашняя утварь всё кое-как и как-нибудь… Здесь господствует пословица: «Бедненький ох, а за бедненьким Бог!» В Великой России держатся пословицы: «На Бога уповай, а сам не плошай!» Оттого русский мужик дюж, силён и промышлен, а белорус мал, тощ и сонлив». У іншым месцы: «Белорусский крестьянин, как я уже сказал, ниже всех славянских племён образованностью и беднее всех жителей России» . Услед за Булгарыным гэтую банальную «ісціну» на розныя лады будуць паўтараць дзесяткі дарэвалюцыйных этнографаў. Яна стане проста агульным месцам у іх працах, а затым паспяхова перавандруе ў пазнейшыя «даследаванні», спрыяючы замацаванню ў масавай свядомасці стэрэатыпа пра паўсюдную і суцэльную дакастрычніцкую забітасць і галечу ў процівагу цудадзейнаму росквіту Беларусі ў савецкую пару. Зрэшты, булгарынскі погляд на беларускія рэаліі чыста асветніцкі і не пазбаўлены «тутэйшага» сантыменту і шкадавання. У гэтым лёгка можна пераканацца, чытаючы наступныя радкі: «Впрочем, невзирая на нищету и невежество, белорусский крестьянин добродушен до крайности. Никогда не покусится он на убийство. Украсть ремешок, вожжи, мешок – вот его дело!» І ў заключэнні:
«Молю Господа, да уделит Белоруссии десятую долю лифляндского порядка, просвещения, бережливости и хозяйственности, а взаимно Лифляндии ниспошлёт хотя сотую долю белорусского радушия и гостеприимства!»
Другі раздзел «Выбранага» – «Публіцыстыка, проза» – акрамя шэрагу адносна «нейтральных» артыкулаў складаецца з ІХ раздзелаў рамана «Іван Выжыгін». Гэты твор, які вызначаецца лёгкасцю стылю, назіральнасцю і дасціпнасцю, – першы ў рускай літаратуры авантурны жыццяпіс, напоўнены займальнымі прыгодамі і нечаканымі метамарфозамі ў лёсе галоўнага героя, «беларускага» хлопчыка-сіраты. Чытацкі поспех «Івана Выжыгіна» (1829) быў нечуваным і проста не меў прэцэдэнтаў у тагачаснай рускай літаратуры. Тры выданні, якія выходзілі адно за адным, і аператыўныя пераклады на французскую, англійскую, нямецкую, італьянскую, швецкую, польскую і іншыя еўрапейскія мовы выклікалі нежартоўную зайздрасць у літаратараў-сучаснікаў. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы Булгарыну, у Еўропе даведаліся пра нечаканае з’яўленне на культурным кантыненце такой новай літаратуры як руская. Гэта адна з прычын, што творчую «зайздрасць» імкнуліся навязаць і Пушкіну, якому ўвесну 1829 года П. Чаадаеў, маючы на ўвазе французскі пераклад «Івана Выжыгіна», выдадзены ў Парыжы, пісаў: «Я убеждён, что вы можете принести бесконечное благо этой бедной России, заблудившейся на земле. Не обманите вашей судьбы, мой друг. Последнее время стали везде читать по-русски; вы знаете, что г. Булгарин переведён и поставлен рядом с г. Де-Жуи; что касается вас, то нет ни одной книжки журнала, где бы не шла речь о вас…».
Але сёння «Іван Выжыгін» лічыцца толькі цікавым літаратурным помнікам эпохі, часу, калі быў выдадзены велізарным тыражом і карыстаўся неверагоднай папулярнасцю, бо, па зразумелых прычынах, гаварыць пра сапраўдную таленавітасць, а не пра літаратурную пладавітасць і прадпрымальнасць Булгарына, не прынята. Але яшчэ ў 1844 годзе згадваны ўжо В. Пшацлаўскі, рэдактар «Tygodnika Petersburskiego», у адным з нумароў газеты змясціў наступную падрадковую заўвагу: «Іван Выжыгін» – славуты бытавы раман бела- і вялікарускі пана Тадэвуша Булгарына». Значыць, сама ідэя ўключэння рамана ў кантэкст развіцця літаратуры Беларусі ўзнікла даволі даўно.
«Лісты, экспертныя запіскі» складаюць трэці раздзел «Выбранага». Змест кожнага са змешчаных у ім дакументаў па-свойму цікавы і дадае пэўныя штрыхі як да псіхаэмацыянальнага аблічча Булгарына, так і да характарыстыкі яго светапогляду і ўзаемаадносінаў з уладай. Зноў жа акцэнтуем увагу ўсяго на некаторых момантах. У 1830 годзе Булгарын пісаў міністру ўнутраных спраў А. Закрэўскаму адносна прапановы пра бясплатную (па сутнасці, за кошт выдаўцоў) падпіску перыядычных выданняў для публічных бібліятэк: «Ныне литература наша бедна, литераторов весьма мало, именно потому что учёными трудами невозможно пропитаться. Истинным патриотам, радеющим за распространение просвещения в отечестве, прежде всего надлежало бы подумать, каким образом доставить литераторам средства иметь жизнь независимую. Это одно возвысит словесность и распространит просвещение в России. Должно, чтоб ум и трудолюбие составляли капитал и питали трудящихся на пользу общую!»
Выведзены з раўнавагі ментарскімі ноткамі адказу Булгарына, міністр раздражнёна запісаў: «Не чакаў ад яго такога адказу, а тым больш з папіканнем іншых, мог проста адмовіцца і тым справу скончыць, але даваць павучанні не ягоная справа – вельмі шкадую, што да яго пісаў». Гэта далёка не адзіны выпадак, калі зганьбаваны (за ліслівасць) перад людзьмі і светам Булгарын смела выказваў праўду тым, хто стаяў на чале ўлады.
Булгарына вельмі не шанавалі ў савецкі перыяд: у многіх даследаваннях і асабліва ў падручніках яго імя пазбягалі нават згадваць.
Аднак, ствараючы ў 1934 годзе Саюз пісьменнікаў СССР, бальшавікі, а яны былі, бадай, самымі паслядоўнымі з усіх асветнікаў, на практыцы ўвасобілі ў жыццё вельмі ж даўнюю булгарынскую ідэю. Мадэль узаемаадносінаў пісьменніка і ўлады, што існавала пры панаванні таталітарнай ідэалогіі, у агульных рысах была акрэслена аўтарам «Івана Выжыгіна», менавіта ён у «запісках» упершыню вызначыў яе контуры і прынцыпы. Зрэшты, Булгарын да «запісак» ставіўся даволі спецыфічна. У 1839 годзе «Запіску пра «Северную пчелу» яны з Грэчам закончылі так: «Это не донос, а явная честная жалоба, вопль о правосудии».
Хоць М. Дабралюбаў ніколі не сумняваўся ў «літаратурнай нікчэмнасці» Булгарына і меркаваў, што яго «пісьменніцкая дзейнасць» не дойдзе да нашчадкаў, але адну з рэцэнзій 1859 года ён пачаў вось як: «В настоящее время, когда все так довольны, когда Шамиль взят, Булгарин умер…». Такім чынам, нават гэты крытык міжволі прызнаваў значнасць постаці Булгарына, калі паставіў у адзін шэраг як пазітыўныя факты смерць літаратара і палон кіраўніка вызваленчай барацьбы каўказскіх народаў, з якімі рускія войскі вялі працяглую крывавую вайну, пачынаючы ажно з 1817 года. Мы не маем намеру ісці ад адваротнага – з хцівага воўка рабіць безабароннае ягня. Булгарын, асабліва напрыканцы жыцця, быў вельмі прагматычным, часам, аж да крывадушнасці.
Паказальны ў гэтых адносінах яго ліст 1852 года да колішняга філамата Ф. Малеўскага ў сувязі са смерцю Л. Ардынскага. Калі верыць успамінам Грэча, то Булгарын проста баяўся Ардынскага, які «водворился у него (Булгарына. – І.З.) в доме и стал хозяйничать и командовать, как у себя. Булгарин не смел пикнуть и предоставил ему делать что угодно». Дык вось, пішучы Малеўскаму просьбу аб дапамозе ў маёмасных справах і апелюючы да сяброўскіх адносінаў з ім і Міцкевічам, Булгарын даслаў адрасату не скрушны, а дзелавы ліст са скрупулёзным пералікам сваіх рэчаў, якія былі ў карыстанні ў Ардынскага, не забыўся нават згадаць дошкі з чырвонага дрэва. Гэты ліст, які нагадвае больш нейкі рахункаводчы дакумент, мае post scriptum: «NB. Так опечален, что от слёз ничего не вижу и ни о чём думать не могу». У шчырасць гэтай прыпіскі, асабліва супаставіўшы яе са зместам самога ліста, верыцца слаба.
Шэраг дакументаў, фрагменты «Запісак пра маё жыццё» М. Грэча, «Дзённіка» М. Маліноўскага, успамінаў В. Пшацлаўскага, артыкул А. Кіркора склалі «Дадатак» да тома. І гэтыя матэрыялы «Bulhariany» не менш, а, можа, нават і больш каштоўныя для разумення асобы Булгарына. І Грэч, якога Булгарын побач з Грыбаедавым лічыў сваім сапраўдным сябрам, і даўні булгарынскі знаёмы Пшацлаўскі прывялі нямала рэальных фактаў, якія ў негатыўным святле характарызавалі асобасныя якасці выдаўца «Северной пчелы». Грэч пісаў: «Так было и с Булгариным: в молодости он был любезен, остёр, добродушен, обходителен; эти качества исчезали в нём с каждым годом, и с каждым годом увеличивалось в нём чувство зависти, жадности и своекорыстия, заглушая добрые его свойства. Я приписываю странности и причуды Булгарина его воспитанию, обстановке и последовавшим обстоятельствам его жизни, но в самой основе его характера было что-то невольно дикое и зверское». Але, як здаецца, квінтэсенцыя ў адносінах Грэча да свайго кампаньёна выражана ў наступнай характарыстыцы: «… Он был поляк, и в этом заключается всё его оправдание. У поляков своя логика, своя математика, составленная из слияния правил иезуитских с понятиями жидовскими». «Абруселы немец» Грэч увогуле сумняваўся ў магчымасці і здольнасці «палякаў» быць чэснымі. У сваю чаргу В. Пшацлаўскі, пішучы свае ўспаміны і шукаючы «біяграфічную ісціну», сумняваўся ў аб’ектыўнасці «Запісак…» Грэча і таму, па ўласным прызнанні, спецыяльна іх не чытаў.
Апошнім часам у літаратуразнаўчым цэху назіраецца мода разгадваць «загадкі» жыцця і творчасці пісьменнікаў.
Дарэчы, не абышлі ўвагай і постаць Булгарына.
Выкажам і мы адну гіпотэзу, якая ўзнікла пры знаёмстве з «Дзённікам» Маліноўскага.
У Пецярбургу Булгарын блізка сышоўся з Міцкевічам, які вылучаў выдаўца з кола сталічных знаёмых-землякоў. Маліноўскі занатаваў пра адзін з пецярбургскіх вечароў наступнае: «Затем утомлённый просьбами Мицкевич вновь начал импровизировать; […] начал сочинять стихи на тему, предложенную Б[улгариным]. Темой была хвала легионам; исполнение было достойно великого поэта. […] Когда я пришёл в компании Б[улгарина], буквально все, кроме Б[улгарина?] казались недовольными. Тут не место расписывать, что могли иметь против него. Один Мицк[евич] поднялся и засвидетельствовал Б[улгарину], что считает его с сего дня человеком порядочным и безупречным. Поскольку он видел письмо Б[улгарина], в котором его добродетель и содействие наилучшим общественным устремлениям предстали со всей очевидностью. Чествование закончилось чтением нескольких стихов Мицкевича, написанных ранее, а именно фрагментов из «Валенрода».
Дзіўная рэч, але факты жыццяпісу галоўнага героя паэмы «Конрад Валенрод» нагадваюць многія рэальныя факты біяграфіі Булгарына:
сіроцтва, выхаванне ў «ворагаў», нянавісць да іх, уцёкі, змаганне супраць іх са зброяй у руках, расчараванне ў магчымасці перамогі, пілігрымства, Іспанія, нават вяртанне ў сталіцу «ворагаў» у іншым абліччы.
Ці не паслужыў Булгарын прататыпам Вальтэра-Конрада?
Ці не быў «валенрадызм» – свядомы выбар амаральных спосабаў барацьбы з ворагам пры нядзейснасці іншых сродкаў – асновай тагачаснага светапогляду і дзейнасці выдаўца «Северной пчелы»? Цалкам верагодна. Дарэчы, менавіта Булгарын дапамог Міцкевічу ў 1829 годзе эміграваць з Расіі. Ва ўсякім разе, матэрыялы «Bulharianу» змешчаны ў зборніку вельмі дарэчы. Яны даюць магчымасць чытачам самастойна паразважаць, вызначыць і ўзважыць станоўчае і адмоўнае ў жыцці і чыннасці нашага земляка.
З часоў Скарыны беларускай кнізе часта спадарожнічае адметны прадмоўна-пасляслоўны комплекс. Адкрывае булгарынскі том «Выбранага» вялікі артыкул укладальніка А. Фядуты «Перамога і параза здаровага сэнсу, або Вяртанне Булгарына». Як здалося, атрымаўся ён крыху «разбэрсаным» ці эклектычным. Магчыма, такое суб’ектыўнае ўражанне склалася з-за выразнага імкнення нагрувашчваць парадоксы, а, можа, з-за таго, што, аб’ядноўваючы багаты і самы разнастайны матэрыял, аўтар прагнуў у малым аб’ёме ахапіць, ці хаця б «зачапіць», неахопнае, што і стварае адчуванне мазаічнасці. Зрэшты, гэта як на чый густ. Хоць выданне пазначана як «літаратурна-мастацкае», заключае яго старанна складзены «Каментар», а гэта ўжо элемент навуковага апарату, і яго падрыхтоўка – вынік доўгай карпатлівай працы. І галоўнае.
Дзякуючы захопленай працы (а гэта відаць з пафаснасці ўступнага артыкула) Аляксандра Фядуты, мы сёння рэальна маем «Булгарына на Беларусі»
ў дзвюх тысячах асобнікаў. З гэтым варта павіншаваць і чытачоў, і ўкладальніка.
На некаторых этрускіх выявах старажытны італійскі Янус меў не два, а чатыры твары. Відаць, здараецца так і ў жыцці пэўных людзей. Да Тадэвуша Булгарына ў поўнай меры не стасуецца выказванне: «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх». І гэта добра. Ён павінен быць сваім сярод сваіх. А як жа інакш? Бо яго «каламутны», да сённяшняга дня нявысветлены жыццяпіс і чыннасць яскрава пацвярджаюць трагізм перыпетый айчыннай (беларускай) мінуўшчыны, калі наш народ, згубіўшы гістарычную памяць і таму згубіўшыся і ў часе, знаходзіўся ў стане нацыянальнай амнезіі, фатальна расцярушваючы па свеце ўласныя творчыя сілы, ён толькі пачынаў шукаць шляхі да сцвярджэння самаіснасці. І нашыя продкі не вінаватыя, што жылі ў такі час. Мы мусім іх зразумець і апраўдаць.
Упершыню апублікавана: Запрудскі І. Таямнічы Янус, або Булгарын на Беларусі // Полымя. – 2004. – № 3. – С.216–221.