Моцны — интернет-портал > Творит > Проза > ЯК НАРАДЖАЮЦЦА РАМАНЫ

 

ЯК НАРАДЖАЮЦЦА РАМАНЫ

Ці ведаеце вы сучасных беларускіх пісьменнікаў? Як адважыцца на напісанне рамана? З аўтарам раманаў “Кансультант па шчаслiвым жыццi”, “Дзясятае жаданне”, “Сто і адна ноч”, “Цiкаўнiца” АЛЕНАЙ ЗАНКАВЕЦ пагутарыў студэнт гістфака БДУ Юрась Тамковіч. З узгаданымі творамі можна пазнаеміца на сайце http://alenazank.by/

Писатель Алена Занковец.

Давайце пачнем нашу размову з такога пытання: “Дзе вы нарадзіліся і якая ваша сям’я?”

Я нарадзілася ў Мінску і ўсё жыццё пражыла тут. Аднак у дзяцінстве я кожнае лета ездзіла на Палессе, і ў мяне пачуццё, што ўсё маё дзяцінства прайшло там. Уся прырода, якая акружала мяне, стварала атмасферу для напісання вершаў, невялікіх запісак. Усё пачалося менавіта адтуль.

А сям’я мая настаўніцкая – бабулі, дзядулі, цёткі, дзядзькі, маці. Усе, акрамя таты. Я расла ва ўзорнай сям’і. Бацькі хацелі, каб я была выдатніцай. І я стала, усіх радавала.

А дзе атрымлівалі вышэйшую адукацыю?

Журфак БДУ. Тут хачу адзначыць, што журфак, у плане журналісцкай адукацыі даў вельмі мала. Увогуле я працавала журналістам яшчэ да таго як паступіла. Так што калі нам на творчы іспыт неабходна было прынесці свае працы, я прынесла папку таўшчынёй 10 см, бо працавала з 10 класа. Вопыт, які я атрымала за школьныя гады быў больш значным, чым той, які я атрымала на журфаку. Ва ўніверсітэце была ў асноўным тэорыя, і гэта было тое, што з рэальнай журналісцкай працай мела мала агульнага. Падчас вучобы я таксама працавала: у глянцавых выданнях і ў газетах. Спецыялізацыяй маёй была “Культура і шоу-бізнэс”. Калі вельмі коратка, то я брала інтэрв’ю ў дзеячаў мастацтва і кіно.

Калі б вы былі дэканам журфака, што б змянілі?

Больш практыкі, практыкі на месцах. Уся наша практыка была адарванай ад жыцця, састарэлай. Трэба, каб гэта была сапраўдная праца у нармалёвых выданнях, каб выкладалі дзеючыя журналісты.

Писатель Алена Занковец.

Як склаўся лёс вашых аднагрупнікаў?

Курс у мяне быў выдатны. Журфаку вельмі ўдзячна за сваіх лепшых сябровак. Адна з іх зараз жыве ў Парыжы, выкладае не па спецыяльнасці, аднак яна часам піша матэрыялы для “Комсомольской правды” і вядзе літаратурны гурток. Другая мая сяброўка некаторы час працавала ў “Настаўніцкай газеце”, а цяпер яна жыве ў Чэхіі і займаецца бізнэсам, у чым дасягнула вялікіх поспехаў. Яшчэ адна сяброўка — дыетолаг, і ў яе свая школа. Адна дзяўчынка з нашага курса была дырэктарам самага крутога піяр-агенцтва Беларусі. З вядомых журналістаў, якія вучыліся са мной, ўзгадаю Дзмітрыя Шэпелева, Дзяніса Блішча, Люсю Лушчык і шмат іншых.

Першапачаткова вы займаліся журналісцкай дзейнасцю, а ў які час вы сышлі ў літаратуру?

Яшчэ з сярэдняй школы пачала пісаць прозу, таму літаратурай я займаюся больш за 20 год.

Калі казаць пра буйныя творы, то іх я пачала пісаць 12 год таму.

Тады я пайшла ў дэкрэт, гэта быў момант перасэнсавання — я займалася журналістыкай, мне гэта падабалася, але праца займала вельмі шмат часу, увесь дзень думала толькі пра яе. Некаторы час яшчэ займалася журналістыкай, але сямейнае жыццё не давала магчымасці рабіць гэта далей. Я перастала займацца гэтай працай і ў мяне з’явілася шмат вольнага часу, адкрыўся прастор для творчасці. Тады я дастала сваю першую аповесць, якая была напісана ў 15 год, перачытала яе, зразумела, што яна вельмі прымітыўная, аднак персанажы былі цікавыя. З таго часу кожны дзень, 12 гадоў запар, я пісала раманы, у тым ліку, як пісаў Кінг — на Дні Народзінаў, і на Раство.

А калі коратка, аб чым быў ваш першы твор?

Гэтая аповесць была пра падлеткавае каханне. Просценькая, трэніровачная работа, але калі я перапісала яе трэці раз, то яна стала нават вельмі прыстойнай і выйграла конкурс.

А першы раман, калі ён з’явіўся?

Першы раман з’явіўся вельмі хутка пасля таго, як у апошні раз была перапісана аповесць. Мне тады было 25. Гэта была гісторыя ў стылі фэнтэзі. Першая кніга — заўжды проба пяра і сілаў, яна не падобна на іншыя мае творы. Пасля першай кнігі я адчула прагу да стварэння твораў, але паколькі не ведала, што пісаць, то напісала таксама фэнтэзі. Аднак трэцяя кніга была напісана ўжо ў жанры, якім я займаюся і цяпер.

Рамантычны жанр?

Я б не сказала, што ў рамантычным, гэта такі лёгкі псіхалагічны раман для жанчын. Гэта не раманы пра каханне, але з любоўнай лініяй. Я зразумела, што мне падабаецца пісаць пра адносіны і я пішу пра іх.

Писатель Алена Занковец.

Колькі кніг ужо напісалі?

Восем завершаных, і зараз пішу дзявятую.

А можна невялічкі спойлер на новую кнігу?

Яна называецца “Логін-Пароль”.

Гэта гісторыя дзвюх пар, чатырох персанажаў, гісторыя аб асабістай прасторы ў эпоху сацсетак.

Чым яна завершыцца, я сама яшчэ не ведаю, бо пішу кнігі без плана, але лічу, што так лепш не рабіць.

Ці Вы ўжо думалі, чым будзеце займацца, калі дапішаце гэтую кнігу?

У мяне шмат ідэй. На маім стале ляжыць папка “Рукапісы”, а ў ёй для кожнай гісторыі таксама папачка з асобнай назвай. Ёсць папкі, дзе рукапісы ўжо створаны, а ёсць дзесьці шэсць папак з назвамі гісторый. Любая з іх можа стаць наступным раманам. Кнігі пішуцца даволі доўга, як мінімум паўгады і за гэты час могуць узнікнуць новыя ідэі.

А можаце расказаць што-небудзь пра механізм рэалізацый кніг, працы з выдавецтвамі?

Вялікая тэма. Але калі схематычна, то сітуацыя для нашых аўтараў такая. Яны могуць друкавацца ў нас ці ў Расіі. Гэта зусім розныя віды выдавецтваў, таму што ў расейцаў ёсць каналы распаўсюду прадукцыі ў Беларусі. Кніга выдаецца тыражом ад 2000 тысячаў асобнікаў, і па меры продажу аўтару выплочваюць 150-200 даляраў — невялікі ганарар. Калі ж ты друкуешся ў нас, то ты абмежаваны нашай тэрыторыяй, у нас няма выхаду на расійскі рынак. Тыражы: для самвыдата — гэта 200-1000 асобнікаў. Наталля Батракова (рускамоўная пісьменніца, адна з лідэраў па колькасці прададзеных кніг), напрыклад, прадала 4000 экзэмпляраў за месяц, але гэта адзіны аўтар. Для пачынаючых творцаў гэта амераканская мара. Можна надрукаваць кнігі праз беларускае выдавецтва, але гэта даволі складана — вельмі рэдка выдавецтва бярэцца само друкаваць аўтара. Напрыклад “Рэгістр” робіць гэта праз конкурс. Ганарары тут яшчэ меншыя, а тыраж — 500-1000 экзэмпляраў. Плюс працы ў нас у тым, што можна ладзіць сустрэчы з чытачамі ў магазінах і бібліятэках.

Дарэчы, 11 лістапада, на мой дзень народзінаў, а 19.00 у кнігарні “Светач” будзе прэзентацыя маёй кнігі “Консультат по счастливой жизни”. Усіх запрашаю!

Писатель Алена Занковец.

Што вы можаце сказаць пра сучасны стан беларускай літаратуры?

У вас пытанні даволі глабальныя. Гэтае пытанне часта аб’мяркоўваецца ў літаратурных колах, дзе сыходзяцца на тым, што ўсё дастаткова ціха. Толькі нейкія асобныя імёны ўспыхваюць — той жа Альгерд Бахарэвіч, Святлана Алексіевіч, Віктар Марціновіч . Аднак гэта адзінкавыя выпадкі. Няма ніякай агульнай канцэпцыі. Літаратурная прастора падзелена паміж рознымі Саюзамі пісьменнікаў, паміж якімі мала ўзаемадзеяння, узаемадапамогі, што вельмі сумна.

Калі спыніць мінака і спытаць: “Каго ведаеце з беларускай літаратуры?”, як думаеце, што пачуеце?

Добрым адказам будзе: Быкаў, Караткевіч, Шамякін. Пра сучасную літаратуру беларус часцей за ўсё нічога не ведае, асабліва пра рускамоўную яе частку. Для мяне важным паказчыкам узроўню літаратуры з’яўляецца тое, наколькі звычайны чалавек пра яе ведае.

Акрамя гэтага ёсць праблема з беларускімі кніжнымі крамамі: іх сістэма не накіравана на тое, каб актыўна расказваць пра беларускага аўтара. Мала ўлётак, банераў, часам прадаўцы не арыентуюцца ў тым, што прадаюць. Узгадаю гісторыю, як мае чытачы тры разы прысылалі фотаздымак майго рамана, які паставілі сярод кніг па псіхалогіі.

Яшчэ хацелася б сказаць, што людзі ўсё менш чытаюць папяровую літаратуру. Чытанне яе становіцца, так бы мовіць, філасофіяй. Хутка расце рынак электроннай літаратуры. І нашым аўтарам неабходна ісці за гэтай тэндэнцыяй, бо яна дае магчымасць зарабляць, а таксама распавядаць пра сябе за межамі краіны — зараз чытачоў у інтэрнэце вельмі шмат.

А пра сусветную літаратуру, што думаеце?

Там усё добра. Ведаеце, Дона Тарт (амерыканская пісьменніца, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі 2014 г.) пісала сваі кнігі па 10 год і пры гэтым яна нідзе не працавала, у адрозненне ад нашых пісьменнікаў, якіх можна сустрэць сярод дворнікаў, ахоўнікаў, будаўнікоў. У іх мала часу для творчасці і яны пішуць па начах. А тая ж Дона Тарт за сваю першую кнігу атрымала каля 2 млн долараў. У замежнай літаратуры можна атрымаць вялікі аванс і займацца толькі яе напісаннем.

Які ваш любімы пісьменнік?

У мяне вельмі шмат любімых творцаў. У старэйшых класах маім кумірам быў Сяргей Даўлатаў — рускі пісьменнік і дысідэнт. Яго ўменне выразіць праблему, іронію ў адным выразе, адным сказам, адным знакам прыпынку — гэта проста нешта неверагоднае! Ён быў для мяне эталонам доўгі час, пакуль я не стала чытаць больш сур’ёзныя кнігі. І так атрымалася, што маім самым любімым аўтарам стаў Джон Ірвінг (амерыканскі пісьменнік і сцэнарыст, уладальнік прэміі “Оскар”), асабліва яго кніга “Малітва аб Оуэне Міні”. Я чытаю кнігі даволі інтэрактыўна: адзначаю алоўкам, заломваю старонкі, на якіх ёсць цікавыя рэчы. І пасля можна пабачыць, колькі заламаных старонак, гэта сваеасаблівы паказнік маей увагі. Калі я чытаю кнігі Ірвінга, яны натуральна растапырваюцца, столькі там загнутых вугалкоў! У яго вельмі глыбокія тэмы, яскравыя персанажы, неверагодныя сюжэты і, галоўнае, неверагодная мова!

Мне блізкія кнігі Кізі (амерыканскі пісьменнік, аўтар раману “Палёт над гняздом зязюлі”). Шмат яго ганяць за доўгія апісанні, але мне яны падабаюцца за дакладнасць і падрабязнасць. Ты чытаеш і адчуваеш цеплыню дрэва пад кончыкамі пальцаў. Гэта проста цуд!

А з беларускіх?

Караткевіч. Адкрыла яго зусім выпадкова падчас літаратурнай сустрэчы, дзе абмяркоўвалася яго творчасць. За вельмі кароткі тэрмін я перачытала ягоныя творы і адкрыла гэтага пісьменніка наноў. Неверагодна, Тарт адпачывае! Вельмі вобразна, ёмка! Хачу дабрацца да рускіх перакладаў, параўнаць, бо нават не ведаю, як можна некаторыя сакавітыя цытаты перакласці. Што цікава, у школе я такіх пачуццяў не адчувала, а зараз навучылася асэнсоўваць тэкст, і ўсё змянілася.

Хвілінка рэкламы. Раскажыце пра свае літаратурныя курсы.

З вялікім задавальннем. Выкладаць я пачала 3 гады таму па запрашэнні літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь”. Да гэтага часу я мела вялікі вопыт і мне хацелася даваць свае веды іншым людзям, перасцерагчы іх ад памылак. Да таго ж настаўнічаць — гэта наша сямейнае. Але сама я тэорыю літаратуры ніколі не вывучала, усяго дасягнула самаадукацыяй: адпраўляла тэксты розным крытыкам, на літаратурныя чаты, разбірала расійскія стэнаграмы абмеркаванняў новых твораў. Я была падпісана на вялікую колькасць самых розных ЖЖ, дзе зразумела, як нельга пісаць.

Прапанова выкладаць на курсах здалася мне вельмі цікавай, я прыйшла ў першы раз да невялічкай групы, каб прачытаць ім трох гадзінную лекцыю, але мяне хапіла толькі на 40 хвілін. Гэта быў жах! У мяне была паніка, аднак я ўключыла інтэрактыў, абмен вопытам, пытанні і адразу стала лягчэй.

Пазней я распрацавала сваю ўласную праграму з трэнінгамі, якую апрабавала на розных групах і пераканалася, што яна рэальна дзейнічае.

Адпрацаваўшы некаторы час у Саюзе, я адкрыла ўласныя курсы, таму што хацелася іншага фармату.

Мне вельмі падабаецца быць у непасрэдным, жывым кантакце са сваімі вучнямі. Мы шчыльна кантактуем ва ўсіх сацыяльных сетках, па сутнасці, я заўсёды з імі. Таксама я зрабіла онлайн-курсы, бо ёсць вучні і з іншых краін. На курсах завязваюцца сяброўскія адносіны, часцяком мы сустракаемся ўжывую, гутарым, ходзім на розныя мерапрыемствы.

Якія б парады вы далі маладым пісьменнікам?

Калі ёсць ідэі, трэба пачаць пісаць, а не доўга думаць.

Трэба пісаць зноў і зноў, нельга сыходзіць з працоўнага месца, пакуль вы нешта не напісалі — неабходна выпрацаваць у сябе такую звычку.

Аднак асноўная частка кнігі пішацца не ў кампутары, а ў галаве, таму, калі гуляеце, не глядзіце ў тэлефон, а прадумвайце сюжэт. Гэта працуе.

Таксама раю пачытаць “Як пісаць кнігі” Cтывена Кінга. Гэта аповед аб ягоным жыцці, аб ягоных няўдачах, аб уплыве сапраўднага жыцця на стварэнне твораў. Кніга аб тым, як чалавек робіцца пісьменнікам.