Пра бацькоў, дзяцінства, неверагодна свабодны філфак і шлях да беларушчыны з даследчыцай беларускай літаратуры, аўтаркай “Дня святога Патрыка”, “Гасцініцы Бельгіі” ГАННАЙ СЕВЯРЫНЕЦ пагутарыў Юрась Тамковіч. Фота са старонкі Ганны ў Фэйсбук
“Філфак быў навокал мяне з першых дзён”
Спадарыня Ганна, пачнем з вытокаў. Дзе вы нарадзіліся і ў якой сям’і?
Нарадзілася я ў Менску ў студэнцкай сям’і: бацькі мае вучыліся тады на філфаку БДУ. Ім далі невялікі пакойчык у легендарным чацвёртым інтэрнаце насупраць Палацу спорта, былую радыёрубку. За вокнамі будавалася тады гасцініца “Юбілейная”, з раніцы да вечара забіваліся сваі, і мама закладала мне вушы ватай.
Калі бацькам трэба было мяне чым-небудзь заняць на працяглы час, яны накрывалі мяне газетай — і я там шабуршэла паперай і магла правесці так цэлую гадзіну. Бацька падпрацоўваў дворнікам, падмятаў прыступкі Палацу Спорта, потым яны бегалі на заняткі — не ведаю, што я рабіла ў той час і якія добрыя людзі даглядалі мяне, думаю, аднакурснікі бацькоў. Філфак, такім чынам, быў навокал мяне з першых дзён.
Раскажыце трохі пра свайго бацьку?
І тата, і мама, і бабулі з дзядулямі заўсёды былі галоўнымі людзьмі для мяне.
У нас ува ўсіх даволі моцны культ сям’і, культ нашага прозвішча, зганьбіць сваімі ўчынкамі прозвішча “Севярынец” было немагчыма з самага дзяцінства.
Бацька наш па адукацыі настаўнік, і я яшчэ памятаю, як ён быў дырэктарам вясковай школы, памятаю, як сыходзіў са школы ў журналістыку, памятаю першыя публікацыі ягоных вершаў: мама выразала іх з газет, клеіла ў спецыяльны сшытак.
Не раскажаш у двух словах, чым былі нашыя бацькі для нас у дзяцінстве і чым з’яўляюцца зараз, надта многа будзе расказваць. Усё ў нас — ад іх. Я даўно збіраюся запісаць хаця б на дыктафон бацькавы ўспаміны: пра журналістыку позняга СССР, пра ягоныя сустрэчы з тагачасным літаратурным бамондам, пра тое, як яны перажывалі часы разладу ў дзевяностыя — гэта будуць надзвычай цікавыя і змястоўныя ўспаміны. Дамовіліся з татам на гэтае лета: сядзем і будзем занатоўваць.
Ці ёсць які-небудзь яскравы ўспамін з дзяцінства?
Такіх даволі шмат насамрэч, цяжка нават выбраць адзін. Часцей за ўсё гэта ўспаміны вясковыя, калі летавалі ў бабулі: сенакос, каровы, грыбы.
Бацька наогул у нас зацяты грыбнік, мы ўсе следам за ім любім лес.
Мой лунінецкі дзед, мамін бацька, грыбы не надта шанаваў, затое ён быў апантаны рыбак і паляўнічы, у яго была сапраўдная стрэльба, ён часцяком прывозіў з палявання бітых качак альбо зайцоў, і нам даставалася ад іх перламутравае пер’е ці мяккія хвосцікі.
Шмат яскравага рознага звязана з Дняпром і Прыпяццю, рэчкамі, на якіх мы ў дзяцінстве чаго толькі не выраблялі. За што я моцна ўдзячная свайму дзяцінству — яно было такое… вясковае, хаця мы і раслі найперш ў горадзе і вёску бачылі толькі ўлетку, затое бачылі яе сапраўднай.
Дзе вы атрымлівалі вышэйшую адукацыю?
У БДУ на філалагічным факультэце, хаця і мама, і тата былі супраць. Бацька казаў: ты і так ведаеш ужо ўсё, чаму там будуць цябе вучыць, нашто табе адно і тое ж. Я, сказаць па праўдзе, моцна вагалася паміж філфакам і гістфакам, але выйграла рэспубліканскую алімпіяду па рускай мове, і на філфак мне было паступленне без экзаменаў. Таму проста падала туды дакументы — і ніводнага імгнення ніколі не пашкадавала, хаця гістарычнай адукацыі мне і не дастае ў даследчыцкім жыцці.
Якім у тыя гады быў філфак?
Той філфак — а гэта былі самыя дзевяностыя — быў у першую чаргу неверагодна свабодны.
Ва ўсім: ва ўнутраным рэжыме, у студэнцкіх захапленнях і справах, у змесце лекцый і спецсемінараў, ува ўсім адчуваўся неверагодны подых акадэмічнай свабоды. Калі сказаць абагульнена, выкладчыкі тады чыталі нам тое, што лічылі патрэбным, а мы слухалі тое, што хацелі, і гэта было пачуццё файнай адказнасці за сваю вучобу. Прымусу нейкага, ціску адміністрацыйнага я не памятаю.
Быў адзін семестр на трэцім, здаецца, курсе, калі я наогул не з’яўлялася на заняткі, зусім — у мяне разгортвалася нейкая драматычная гісторыя кахання, да таго ж я пачала працаваць у школе, на заняткі часу не заставалася, але ж напачатку сесіі я ўсё дурное кінула, засела за падручнікі, занурылася ў Ленінку (неафіцыйная назва Дзяржаўнай бібліятэкі БССР), і, сказаць па праўдзе, веды, атрыманыя тады, у мяне цяпер самыя трывалыя. Ну, і прыемна было па білетах адказваць: выкладчыкі, пабачыўшы мяне ўпершыню наўпрост на экзамене, скептычна ўсміхаліся, адзін нават
сказаў нешта кшталту “а вось і нашы інапланецяне з’явіліся”, а я такая бац — і ўсё ведаю.
У мяне была, што называецца, “чыстая залікоўка”, адныя “пяцёркі”, праўда, з адной “чацвёркай” за ўсе гады навучання — па беларускай мове.
А як склаўся лёс вашых аднагрупнікаў?
Ва ўмовах гэтай самай акадэмічнай свабоды ў нас атрымаўся бліскучы курс. Не ведаю, нашто цяпер так заціскаюць студэнтаў, калі практыка падказвае, што свабоднае, не-турэмнае навучанне — значна больш эфектыўнае. Сярод маіх аднакурснікаў — карэспандэнтка “Свабоды” Саша Дынько, галоўрэд “Нёмана” Лёша Чарот, кандыдаты філалагічных навук, выкладчыкі БДУ Сяргей і Марына Лебедзевы, выкладчыца ФМО БДУ Вольга Каранькова, шыкоўная выкладчыца педколеджа ў Нясвіжы Лена Рацкевіч, а яшчэ, напрыклад — заснавальнік і дырэктар папулянай крафтавай пякарні Brø Bakery Ілья Прохараў. Абавязкова забылася кагосьці назваць з медыйных персонаў — у нас шмат хто з нашага выпуску, што называецца, “на вачах”. Але і тыя, хто не ёсць публічнымі асобамі — усе зрабілі паспяховыя кар’еры там, дзе лічылі патрэбным.
Шлях да беларушчыны
Распавядзіце, калі ласка, пра свой шлях да беларушчыны?
Таксама не раскажаш у двух словах. Прыйшла пакрысе. Прайшоўшы ўсе этапы: і адмаўленне, і недавер, і доўгі роздум, і шчырае неафіцкае захапленне, і моцнае ўсвядомленае жаданне прысвяціць сябе гэтай справе.
З тых шляхоў, якія я праходжу ў жыцці, шлях да беларушчыны — адзін з самых шчаслівых. Я вельмі радая ім ісці.
Як мне вядома, вы не адразу пачалі займацца літаратурай. Чым вы займаліся спачатку і як пачалі займацца пісьменніцкай дзейнасцю?
Ну як не адразу.
Насамрэч я пісала заўсёды, з дзяцінства: нейкія вершыкі, нейкія апавяданні.
Насіла бацьку, ён уважліва чытаў, шмат крытыкаваў, канешне, паказваў хібы, адзначаў удалае. Першыя публікацыі літаратуразнаўчыя пачалі выходзіць у мяне яшчэ напрыканцы дзевяностых, проста што тычыліся яны рускай літаратуры і былі, канешне ж, слабенькімі. Нават калі я працавала ў гандлі, адначасова супрацоўнічала з расійскімі выдавецтвамі на пазіцыях “літаратурнага негра”, шчэ і сёння я часам бачу ў кіёсках тыя ганебныя кніжачкі з народнай медыцыны, напісаныя нібыта знакамітымі траўнікамі, якія пісала год дваццаць таму пад чужыя імёны.
Але на публіку я сапраўды вынесла сваю пісаніну досыць позна: першая самастойная кніжка ў расейскім выдавецтве выйшла ў мяне, калі мне было сорак, яна ў Беларусі не прадавалася, і дзякуй богу. Праз два гады выйшаў “Дзень святога Патрыка” (аповесць аб лёсе беларускай мовы) і “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго”, ну, а далей ужо пайшло як ідзе.
Калі коратка, аб чым быў ваш першы твор?
Зусім першы, здаецца, быў пра дзяўчынку, якая пабудавала ў лесе зямлянку і стала там жыць, завяла сабе звяроў і гародчык, і ўрэшце абзавялася зайздроснай гаспадаркай. Памятаю, што вельмі файна мне было ўсё гэта прыдумляць у трэцім класе.
Першы раман, калі ён з’явіўся? Аб чым ён?
Ну, можа, дарэмна яго называюць раманам, гэта, хутчэй, аповесць, але сёння такі жанр не модны, сёння ўсё, што не апавяданне — раман. Але няхай будзе раман. Гэта “Дзень святога Патрыка”, выйшаў ён у 2017 годзе, а напісаны быў за два гады да таго. Аб чым? Напэўна, аба мне.
Якую з сваіх кніг вы лічыце найлепшай?
Гэта як з дзецьмі — якога са сваіх дзяцей я лічу найлепшым? Усе мае кніжкі дарагія мне, канешне, але ніводную я не магу адкрыць і прачытаць — ванітуе з першых радкоў. Не ведаю, чаму такі эфект, але перачытваць свае тэксты я не магу. Хаця, вядома ж, разумею і іх вартасці, і хібы. Напэўна, самая важная з выдадзеных — гэта дакументальная біяграфія “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго”. Самая любімая — укладзеныя мной “Выбраныя творы” Алеся Дудара. Самая дарагая для мяне і адначасова самая цяжкая, якая забрала шмат сілаў і эмоцый — “Гасцініца “Бельгія” (дакументальны раман пра беларускіх пісьменнікаў 1920-30-х гадоў). Я і сёння яшчэ не аддыхалася ад яе. Самая нечаканая — “Вакол Пятра Глебкі”.
Але найлепшыя, канешне ж, наперадзе. У мяне шмат планаў.
Ваша самая любімая эпоха ў гісторыі Беларусі? Чаму?
Гэта міжваенны перыяд, 1921–1939 гг. Надзвычай складаны, надзвычай страшны і адначасова парадаксальна прыгожы час, які ўмяшчае ў сабе і беларускае мінулае з усімі вузламі і знітаваннямі, і беларускую будучыню з яе драмамі існавання і ідэнтыфікацыі.
Мне падаецца, гэта найважнейшы час для разумення як нашай мінуўшчыны, так і нашай будучыні, найважнейшы час для разумення, чым мы ёсць.
Пакуль мы гэты перыяд не вывучым і не зразумеем, спакойна, без фальсіфікацый, рамантызацыі і залішняга абвінаваўчага пафасу, мы не можам ісці наперад.
Колькі кніг ужо напісалі?
Неяк не трымаю гэтую лічбу ў галаве, тым больш што пісала і выдавалася раней па-руску, і гэта асобная гісторыя. Да таго ж сярод кніг ёсць дакументальныя, ёсць — укладзеныя мной, ёсць — напісаныя ў суаўтарстве. У любым выпадку напісаных больш, чым выдадзеных, бо зараз у выдаўцоў ляжаць дзве кніжкі, якія пабачаць свет на самым пачатку наступнага году (маецца на ўвазе 2020 г.), а ёсць такія, якія шчэ і сёння я не апрылюдніла, хаця і напісала чорт ведама калі.
Ці ёсць нейкія творчыя задумы? Можа быць ужо пішаце новую кнігу? Калі так, то можна трохі даведацца пра яе?
Зараз у працы ў мяне адначасова тры кнігі: адна мастацкая, адна — выбраныя творы аднаго з нашых класікаў, адна — як бы дакументальная, але не зусім. Усе тры, я думаю, павінны атрымацца надзвычай цікавымі, прынамсі, мне вельмі хочацца хутчэй іх дарабіць і паставіць на паліцу. Шкада толькі, што прачытаць не змагу, але ж буду разумець, што ўсё тое, што зараз разрывае галаву маштабам задумаў, нарэшце выплеснулася і займела канкрэтнае аблічча. Увесь час, пакуль іх пішу альбо складаю, думаю, як гэта будзе добра чытацца іншым. Мне заўсёды важна разумець, для каго я раблю кніжку і каму яна будзе надзвычай патрэбнаю.
Сучасны стан літаратуры
Што вы можаце сказаць пра сучасны стан беларускай літаратуры?
Магу сказаць, што яна ёсць: надзвычай разнастайная, цікавая, шчодрая на эксперымент, на пераасэнсаванне еўрапейскіх трэндаў. У нас шмат бліскучых паэтаў, баюся нават пералічваць, каб кагосьці не забыць, іх шмат, чыіх радкоў чакаеш і чыімі тэкстамі захапляешся. Ёсць у нас вельмі цікавыя, перспектыўныя празаікі.
Нараджаецца масавая літаратура па-беларуску.
Выдатна працуюць беларускія перакладчыкі, і мы зараз можам чытаць самую актуальную еўрапейскую прозу па-беларуску раней і якасней, чым гэта могуць сабе дазволіць, прыкладам, чытачы ў Расеі. Нарэшце, у нас распачынаецца проста шыкоўны нон-фікшн, і апошнім часам выйшла столькі цудоўных дакументальных кніжак, дык быў бы толькі час чытаць іх, апрацоўваць апублікаванае, рэфлексаваць, пераводзіць у публічны дыскурс.
А пра сусветную літаратуру, што думаеце?
Я няшмат яе чытаю апошнім часам, сказаць па праўдзе, не стае часу. Але спадзяюся, усё у яе добра. А як іначай. Чалавецтва развіваецца, шмат думае, шмат асэнсоўвае, апошнія стагоддзі даюць столькі складаных тэмаў і вострых сюжэтаў для рэфлексіі, што літаратуры няма куды падзецца, акрамя як развівацца.
Які ваш любімы пісьменнік?
Не думаю, што магу назваць нейкае адно імя. І два не магу, і тры. Моцна люблю Кузьму Чорнага і Лукаша Калюгу, з паэтаў — Юлія Таўбіна і Алеся Дудара. Зараз адкрываю для сябе Міхася Стральцова. З рускіх — заўсёды з задавальненнем перачытваю Пушкіна і Чэхава. З замежных — Борхеса (аргенцінскі празаік, паэт, публіцыст).
Якія б парады вы далі маладым пісьменнікам?
Гэта няпростае пытанне. Парады — такая даволі небяспечная рэч, асабліва ў творчасці.
Магла б параіць ставіцца да слова адказна, не пісаць таго, што можна не пісаць, скарачаць болей, чым дадаваць, шмат чытаць і шмат думаць.
Ніколі не пісаць пра тое, што не ведаеш: непрыемна бывае чытаць, прыкладам, гістарычны раман пра вайну, напісаны чалавекам, які не разумее вайны, а то шчэ бывае, напішуць пра якогась гістарычнага дзеяча, а самі не парупяцца нават з’ездзіць у тую вёску, пра якую гаворка ідзе, не кажучы ўжо пра архіўную і дакументальную працу. Альбо пачнуць пісаць пра коней, а самі ніводнага разу вярхамі не ездзілі. Альбо пра кантрабандыстаў — а самі сцежкамі ляснымі не хадзілі і не чыталі тых, хто хадзіў. Гэта ўсё бачна ў тэксце, любая хлусня і фальш.
Ну і наогул. Пісьменніцтва — гэта не тады, калі цябе ванітуе словамі, калі ты проста плешчаш на паперу з галавы ўсё, што там нарадзілася. Гэта няпростая праца, няўдзячная, цяжкая, якая не прыносіць грошай і асаблівай славы, але прыносіць шмат крыўдаў ад неразумення альбо адзіноты. Трэба разумець, навошта ты гэта робіш. Калі дзеля грошай альбо дзеля вечнасці —лепей, напэўна, не рабіць, бо кніжкі, напісаныя дзеля грошай, жывуць нядоўга, дый грошай не даюць. Хіба дзеля таго, каб нешта зразумець, варта пісаць.
Ёсць людзі, якія хочуць і здольныя разумець сябе і сусвет, толькі выказваючыся словамі.
Вось з такіх і вырастаюць пісьменнікі, як па мне. Але я магу памыляцца.