Лідэр гурта Leibonik, аўтар песень, гулец інтэлектуальнага шоу «Што? Дзе? Калі?» СЯРГЕЙ БАШЛЫКЕВІЧ пра дзяцінства, юнацтва, пачатак Leibonik і не толькі ў размове з Яўгеніяй Есько.

Свая гульня
Добры дзень, Сяргей! Вы нарадзіліся ў Ашмянах, як выглядаў ваш родны горад у часы дзяцінства? Ці часта вы наведваеце гэтае месца зараз?
Не магу нешта вылучыць у выглядзе Ашмянаў часоў майго дзяцінства, падаецца, выглядалі яны даволі тыпова для маленькага горада. Зараз рэдка езджу ў Ашмяны — у лепшым выпадку раз на некалькі месяцаў, калі ёсць нейкая сямейная нагода.
Якім вы былі ў дзяцінстве?
Мне складана адказаць на такое пытанне. Мае шматлікія цёткі кажуць, што спачатку быў даволі капрызным, потым прыціх, як пайшоў у школу. У школе быў выдатнікам і шмат год запар фатаграфаваўся на дошку гонара ў адным і тым жа швэдары.

Што вы памятаеце з 90-х?
Жвачкі «Бумер», піражкі з павідлам на аўтастанцыі па дарозе ў школу, партрэт Сафіі Ратару, які яшчэ да майго нараджэння бацькі прывезлі з яе канцэрта ў Вільне і які правісеў у нас дома бадай што ўсе 90-я. Аудыё-касеты з «Дзюнай», «Сектарам Газа» і зборнікамі «Саюз»…
Як на хрэсьбінах маёй малодшай сястры бабулю хацелі сімвалічна «утапіць» (ёсць такая традыцыя) і садзілі ў вядро, каб спусціць у студню, а я плакаў, крычыў і спрабаваў яе адбіць.
Чым вы займаліся акрамя вучобы, пакуль не прыехалі ў Мінск?
У пачатковых класах хадзіў у дом піянераў на гурток разьбы па дрэву — да гэтай пары маю пра тое цёплыя ўспаміны. Нейкіх іншых «хобі» нават і вылучыць не магу. Кожнае лета мяне выпраўлялі ў вёску да бабулі з дзедам па мамінай лініі, дзе было па сутнасці толькі тры варыянты заняткаў: працаваць, маліцца, чытаць.
Вы пачалі займацца інтэлектуальнымі гульнямі ў школе? Як выглядаў тады інтэлектуальны рух у Ашмянах?
Яшчэ у 5-6 класе мяне як выдатніка мой настаўнік матэматыкі адправіў схадзіць у наш школьны інтэлектуальны клуб «Вікінгі», які на той момант існаваў ужо некалькі год. Я схадзіў, мне было незразумела, што адбываецца, і болей я туды нос не паказваў. Пакуль у 9 класе не патрапіў на гульню яшчэ раз — і вось там сапраўды зацягнула. Інтэлектуальны рух Ашмяншчыны тады — гэта маленькія школьныя клубы, якія амаль не перасякаліся, некалькі раённых тураў-адбораў на гарадзенскія Кубак Святога Гумберта і Кубак Кронана і адпаведна паездка двойчы на сезон у Гародню. Падаецца, яшчэ ў Ліду і Ваўкавыск ездзілі на турніры.

У якой камандзе вы былі? Калі быў лепшы перыяд для вашай каманды? Што было самае смешнае і цікавае на трэніроўках?
Паколькі наш школьны клуб называўся «Вікінгі», то і ўсе каманды ў ім называліся таксама «Вікінгамі» — усе тры. Спачатку я гуляў у самай малодшай камандзе «Вікінгі-3», потым трапіў да выпускнікоў у «Вікінгі-1». Падаецца, нідзе апроч раёна мы ў пераможцах не былі, хіба што ў Лідзе я стаў прызёрам нейкай індывідуальнай «Сваёй гульні». А пра паездкі на нейкія турніры за межы Гродзенскай вобласці, як я казаў вышэй, мы і не думалі.
Што было цікавае на трэніроўках? Сама іх наяўнасць у першую чаргу. Помніцца, быў час, калі мы збіраліся раз на два тыдні і я ўсё не мог дачакацца, калі будзе наступная трэніроўка ў Ларысы Каханоўскай. Што было смешнага? Шмат чаго, магчыма менавіта таму, мой першы школьны капітан Дзіма «Шаман» Саўяненка стаў потым рэзідэнтам першага складу беларускага Comedy Club і паспяхова выступаў у шэрагу гумарыстычных праектаў.
Вы прымалі ўдзел у тэлевізійнай гульне «Што? Дзе? Калі?». Можна казаць, што гэта вяршыня кар’еры інтэлектуала. Як вы дайшлі да гэтага ўзроўня?
Я не лічу «тэлевізар» вяршыняй інтэлектуальнай кар’еры. Экстрымальны, унікальны, захапляльны досвед — так, і я вельмі шаную «элітарку» за гэта. Хіба што правільней казаць, што гэта вяршыня публічнай кар’еры інтелектула. Пра гульнявы ўзровень больш кажуць вынікі на топавых турнірах, чэмпіянатах краіны і свету.
Як я дайшоў да такога жыцця? Калісьці даўно схадзіў яшчэ на самы першы адбор у беларускі тэлеклуб, трапіў у базу патэнцыйных гульцоў (я так думаю) і прайшоў канчатковы адбор у каманду Пашы Малецкага ўжо пасля серыі дастаткова паспяховых выступаў у «Брэйн-рынге» на АНТ (у камандзе такіх «монстраў» як Сяргей Дубелевіч, Андрэй Супрановіч, Саша Мацюхін, Максім Мацута, Мікіта Геер).

Каманда Алены Повышевай
Чаму вы вырашалі паступаць у БДУІР на інжынерна-эканамічны факультэт? Як прайшоў перыяд студэнцтва? Што больш за ўсё запомнілася?
Як годны сын ашмянскай зямлі я некалі думаў паступаць на мытную справу, але перадумаў. Далей былі розныя ідэі — міжнародныя адносіны на ваенным факультэце (не ўзялі праз дальтанізм), эканамічны факультэт (праходзіў па балах, але забраў дакументы з камісіі, не здолеўшы ўявіць сябе эканамістам), прыкладная матэматыка (прайшоў на паўплатнае, але бацькам было бы складана плаціць за вучобу).
І ў рэшце рэшт родны ІЭФ — проста таму, што спадабалася апісанне спецыяльнасці на калонне ў другім корпусе БДУІР. Зараз гледзечы назад, было не цяжка: інжынерныя дысцыпліны ў мяне ішлі добра, філалагічныя — яшчэ лепш. Па інэрцыі я нават адвучыўся яшчэ і ў магістратуры на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак, але пад канец «забіў» і магістэрскую працу не абараняў. Запомніліся ў першую чаргу людзі — шмат цікавых і розных — на факультэце, у інтэрнаце, у студклубе.
Ці любіце вы Мінск? Дзе вас часцей за ўсё можна сустрэць?
Першы год ад пераезду і падумаць не мог, што Мінск мне некалі пачне падабацца. Але зараз дакладна ведаю: люблю гэтага здаравяка. І месцаў любімых шмат — пераважна раёны плошчы Якуба Коласа, Акадэміі Навук, Усхода. Зараз часта можам сустрэцца ў кавярнях са смачнай кавай (а такіх у Мінску шмат апошнім часам) — яшчэ некалькі год таму навогул не піў каву, але ж зараз нешта «прарвала».
Музыка ў жыцці

Працуеце зараз па спецыяльнасцi альбо займаецеся толькі музыкай?
Працую па спецыяльнасці, але хачу больш часу выдаткоўваць на музычныя справы. Зараз вельмі добра зразумеў, як моцна мне не хапае музычнага бэкграунду і наколькі трэба яшчэ расці і расці ў гэтай сферы.
Вы не хадзiлі ў музычную школу, як музыка прыйшла ў ваша жыццё ў школьны перыяд ці пазней?
Недзе бліжэй да майго сканчэння школы ў нас дома з’явілася піяніна для сястры, якая вучылася ў класе з музычным ухілам. Я нават навучыўся як малпачка іграць на ім некалькі песен па нотах са свайго школьнага падручніка «Спеваў» («Па полях па ўзгорках пакатых за ўзводам праносіцца ўзвод, за ворагам мчыцца Даватар, няспынны ягодны палёт…»), але не больш за тое. Ужо ў 11-м класе пачаў засвойваць гітару, якую зноў жа першапачаткова набылі для сястры Насці .

На якой музыцы вы выхоўваліся? Якую музыку слухалі вашы бацькі?
У машыне майго бацькі гучала наймахрыстая папса 90-х — «Дюна», Сенчукова, Шура, і адборны шансон — Иван Кучин, Петлюра, Катя Огонёк. Калі гулялі ў футбол «на лузе» недалёка ад хаты, там старэйшыя хлопцы ставілі на магнітафоне ўжо «Сектар газа» ды «Красную плесень». На такой музыцы і вырас. У старэйшых класах да гэтага дадаўся яшчэ кактэйль з «Короля и шута» (захапленне ім прывёз з першай абласной алімпіяды) і Eminem (яго падхапіў на радыё «Юность», напэўна). Дарэчы, дзякуючы Эмінему я тады няблага пракачаў сваю англійскую мову, бо сядзеў начамі , на слых разбіраў яго тэксты, перапісваў іх у сшытак і вучыў на памяць: «Have you ever been hated or discriminated against?»
На якіх музычных інструментах вы граеце?
Да гэтай пары не магу сказаць, што на нейкім інструменце граю прыстойна. Асноўнае — канешне, гітара акустычная і электра. Зараз часам практыкуюся на піяніна і кларнеце. Дома сабралася ўжо невялічкая калекцыя інструментаў пад настрой, таму бывае і да мандаліны ці канцэрціны рукі даходзяць.
Як вы пачалі сваю музычную кар’еру?
Наўпрост аднойчы адважыўся схадзіць на кватэрнік і заспяваць свае песні чужым людзям.
Вы пішыце тэксты і музыку самі? Вы вельмі душэўна перапелі народную песню «Зялёная вішня», чаму менавіта яе? Што яна для вас значыць?
У асноўным ўсё пішу сам. Песні для кавераў (хоць я больш люблю называць іх «адаптацыямі») прыходзяць самі сабой, тут няма нейкай сістэмы адбора. Што датычыцца «Зялёнай вішні», яна з’явілася нават не помню адкуль — у версіі выканання Патрыцыі Свіцінай — і шчыльна засела ў галаве. А што яна для мяне значыць я расказаў у куплетах, якія дапісаў у ёй да народных прыпеваў.

Як вы стварылі гурт Leibonik? Хто быў у групе спачатку? Што азначае назва гурта?
Можна лічыць, што гурт стварыўся, калі арганізатар майго акустычнага канцэрта ў «Доме Фішара» Ціма Бесман прапанаваў падыграць на клавішах. У тым першым «фішараўскім» складзе былі яшчэ мой універсітэцкі сябра Алег Крупеніч са скрыпкай ды голасам і бубнач-каханьеро Марат Сагітаў, якога я перацягнуў з сяброўскага блюз-рок-гурта The Moonshiners. А што азначае назва, я так проста вам не скажу, прыходзьце за гэтай гісторыяй на канцэрты.
Вы вызначаеце жанр у якім выступаеце?
Ніяк не вызначаю, хай слухачы ды крытыкі самі з гэтым разбяруцца.
Якой вашай песняй больш за ўсё ганарыцеся?
«Жакі» і «Барадоўшчына».
У якіх музычных праектах вы зараз прымаеце ўдзел? Які для вас самы цікавы?
Я сам сабе музычны праект. Асноўная справа — рэгулярныя выступы гурта Leibonik у электрычнасці, каб было гучна і весела!
Які ваш канцэрт быў самы лепшы / правальны?
Апошні канцэрт заўсёды і самы лепшы, і самы правальны, бо яшчэ свежыя эмоцыі і ад таго, што на ім атрымалася, і ад нейкіх яго тэхнічных памылак.

Песні, якія вы слухаеце, калі вам весела / сумна на душы?
Плэйліст увесь чаз змяняецца, зараз пад вясёлы настрой добра ідуць Foals і «Голос Омерики», пад самоту — Ibrahim Maalouf і Low Roar, напрыклад.
З кім вы марыце заспяваць дуэтам?
Амаль з усімі.
Якія музыканты вас натхняюць? Які стыль у музыцы вам бліжэй за ўсё?
Як казаў вышэй, са зменамі ў плэйлісце мяняюцца і крыніцы натхнення, так што не магу вылучыць нейкія ўніверсальныя імёны. Са стылямі таксама складана. Люблю і цяжкую музыку, і поп, і рэпчык. Хіба што з электроншчынай у мяне ўсё складана.
У 2014 годзе на прэміі «Героі года» гурт Leibonik назвалі адным з галоўных адкрыццяў у беларускай музыцы апошніх гадоў. Якую ўзнагароду вы марыце атрымаць?
Па логіцы трэба было б атрымаць яшчэ і «Герояў года» у асноўнай намінацыі для пачатку.
Хто для вас музычнае адкрыццё 2019 года?
Шмат чаго для сябе адкрыў за год. Калі з беларусаў, то хай будуць з нядаўняга Лиса (Лізавета Касценка) і Марыя Чапрасава.
Як вы думаеце, чаму беларускія музыканты не такія папулярныя ў Беларусі, як, напрыклад, украінскія альбо расійскія? Падаецца, што беларуская музыка для нейкай эліты, не для ўсіх.
Амаль поўная адсутнасць нейкага жывога шоў-бізу і інстытута прадусарства за межамі эстраднай поп-песні. Слабая канцэртная культура па-за межамі Мінска. Доўга можна пра гэты размаўляць, лепш я гэты час выдаткую на тое, каб дадатковы раз песню адрэпетаваць…
Бліц
Хто ваш любімы беларускі пісьменнік / музыкант?
Горват / Вайцюшкевіч.
Ваша лепшая / горшая рыса?
Пра лепшую не магу сказаць, а з горшых не люблю ў сабе пракрастынацыю.
Любімая кніга / фільм?
З кнігаў апошніх год — «Радзіва Прудок» Горвата, «Петровы в гриппе и вокруг него» Сальнікава, «iPhuck 10» Пялевіна.
Якія гістарычныя асобы выклікаюць у вас найбольшую сімпатыю / антыпатыю?
Не ранжыраваў.
Якасці, якія вы больш за ўсё шануеце ў жанчыне / мужчыне?
Шчырасць, пазітыўнасць, мэтанакіраванасць.