Моцны — интернет-портал > Учится > Наша история > БЕЛАРУСЬ У ВАНДРОЎКАХ ФАТОГРАФА: ЯН БУЛГАК (1/2)

 

БЕЛАРУСЬ У ВАНДРОЎКАХ ФАТОГРАФА: ЯН БУЛГАК (1/2)

Аўтар: Юлія Уладзімірская / @vjl_photo

Хто такі Ян Булгак і чаму кожны беларус павінен ведаць яго імя? Аповед пра поспех шляхціча, які стаў прафесійным фатографам, адкрыў свету беларускія краявіды і стаў адным з першых у мастацкай і краязнаўчай фатаграфіі ХХ стагоддзя. Дзякуючы першым фатографам, у нас ёсць унікальная магчымасць зазірнуць у мінулае і павадраваць па Радзіме на “машыне часу”.

Ян Булгак. Аўтапартрэт, 1912 г.
Ян Булгак. Аўтапартрэт, 1912 г.

Ян Булгак нарадзіўся 6 кастрычніка 1876 г. на Навагрудчыне ў невялікім фальварку Асташын у сям’і сярэднезаможнай шляхты. Яго род паходзіць з татар, якія за службу атрымалі ва ўладанне землі і шляхецкі тытул. Знакамітымі прадстаўнікамі былі ўладальнікі маёнтка Жылічы, якія лічылі сябе сярод сваякоў “злепленнымі з лепшай гліны” і дабіліся права на княжацкі тытул.

Булгак пакінуў для нас значную спадчыну, як фатаграфічную, так і літаратурную. Знакамітыя мемуары фатографа “Край дзіцячых гадоў” з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі Беларусі. З павагай і любоўю ён піша пра любы край:

Успаміны лёгкія, як восеньскае павуцінне, абаўюць сэрца моцнай сеткай і па іх слядах я буду вяртацца назад праз усё жыцце — да адзінага найпрыгажэйшага на усім свеце “краю дзіцячых гадоў.

Ян Булгак вывучаў філасофію ў Ягелонскім універсітэце, пасля вярнуўся на Радзіму, у маёнтак Пярэсека (Мінскі раён). У жніўні 1901 г. пабраўся шлюбам са сваёй сваячкай Ганнай Барбарай Гацінскай, а ў 1906 г. на свет з’явіўся іх адзіны сын Януш. Дарэчы, захаваўся пашлюбны фотаздымак маладых Булгакаў, які быў зроблены ў фотамайстэрні знакамітага мінскага фатографа Маісея Напельбаўма.

Ян і Ганна Булгак, 1901. Фота Напельбаўма
Ян і Ганна Булгак, 1901. Фота Напельбаўма

Асабістая кар’ера фатографа Булгака пачалася ў 1905 г. зусім выпадкова: жонцы Ганне падаравалі фотаапарат, а захапіўся новай справай Ян. Ён стварыў у сваім маёнтку сапраўдную лабараторыю, і хобі з часам набыло сур’ёзны прафесійны характар.

Першая паштоўка з выявай Фары ў Навагрудку выйшла ў віленскай кнігарні Флешара ў 1908 г. Сапраўдны дэбют фотамастака адбыўся ў 1910 г.: у часопісе «Зямля» выйшаў артыкул Булгака з уласнымі фотаздымкамі. Ён быў прысвечаны легендарнаму возеру — «Экскурсія на Свіцязь».

На працягу 1905–1911 гг. было зроблена некалькі соцень здымкаў у ваколіцах Менску і Навагрудку, якія ўвайшлі ў альбом «Літва ў фатаздымках Яна Булгака». Наступныя шэсць альбомаў утрымлівалі па 270 здымкаў, сярод якіх былі фотаздымкі Навагрудка, Свіцязі, Міра, Нясвіжа, Крэва, Вілейкі, а таксама палацы, сядзібы і іх інтэр’еры, вясковыя пэйзажы і мясцовыя жыхары.

Мастак апублікаваў шмат здымкаў у этнаграфічных выданнях і часопісах “Зямля” (“Ziemia”), “Літоўскі квартальнік” (“Kwartalnik Litewski”), “Ілюстраваная вёска” (“Wies ilustrowana”) і інш. Найбольш вядомыя сёння фотаздымкі беларусаў тых часоў — “Беларус з-пад Клецка”, “Бабулька-беларуска з маёнтка Перасека пад Менскам”, “Беларуска з-пад Клецка ў народным строі з самаробнага сукна” і інш.

БЕЛАРУСЬ У ВАНДРОЎКАХ ФАТОГРАФА: ЯН БУЛГАК (1/2)
Беларус з-пад Мінску, 1910

Асновам фотамастацтва Яна спачатку вучыў яго стрыечны брат Караль Карповіч — прыродазнавец, даследчык флоры і фауны на Навагрудчыне, які выдаў артыкул “Свіцязь як ландшафтны запаведнік”. Яшчэ адным настаўнікам быў мясцовы навагрудскі фатограф Баляслаў Данейка з маёнтка Каросна. Захаваліся яго фотаздымкі возера Свіцязь, Навагрудка і роднага булгакаўскага Асташына.

Б. Данейка “Свіцязь”
Б. Данейка. Свіцязь.

У 1911–1912 гг. Булгак вучыўся ў Дрэздэне пад кіраўніцтвам Хуго Эртфурта. Вялікі ўплыў на лёс і творчасць фатографа аказала сяброўства з мастаком Фердынандам Рушчыцам, які прапанаваў Яну стаць гарадскім фатографам Вільні. Так Рушчыц дапамог Я. Булгаку ператварыцца з фатографа-аматара ў фатографа-прафесіянала. Мастак навучыў яго некаторым спецыфічным прыёмам кампазіцыі для ўспрымання прыроды і архітэктуры. Праз 12 гадоў знакаміты ўдзельнік міжнародных конкурсаў Ян Булгак сфатаграфуе на Свіцязі польскага прэзідэнта Станіслава Вайцяхоўскага.

Партрэт Ф. Рушчыца, 1910 г.
Партрэт Фердынанда Рушчыца, 1910 г.

У 1912 г. Булгак адкрыў фотаатэлье ў Вільні. Па замове Віленскага магістрата ў 1912–1915 гг. ён фатаграфаваў помнікі архітэктуры горада. Фатаграфіі майстра, якія перадаюць саму аўру старога горада і навакольнага ландшафту, адносяць да твораў «непараўнальнай мастацкай каштоўнасці». У 1919 г. ён стаў адным з заснавальнікаў і старшынёй Польскага фотаклуба.

Ян Булгак каля ўласнага фотаэтэлье
Ян Булгак каля ўласнага фотаэтэлье

Творчасць Яна Булгака аказала моцны ўплыў на развіццё мастацкай фатаграфіі Літвы. Ён напісаў шэраг кніг па тэхніцы і мастацтву фатаграфіі. Яго пяру належыць кніга ўспамінаў пра Фердынанда Рушчыца.

З 1919 г. Я.Булгак выкладаў мастацкую фатаграфію на аддзяленні прыгожых мастацтваў універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. У 1939 г. ён атрымаў званне дацэнта. Першая кніга «Фотаграфіка. Агляд мастацкай фатаграфіі» (1931) стала вынікам доследу адзінаццацігадовага выкладання фатаграфіі ва ўніверсітэце.

Вокладка кнігі Яна Булгака "Вандроўкі фатографа"
Вокладка кнігі Яна Булгака «Вандроўкі фатографа»

У 1930-я гады быў выдадзены цыкл альбомаў пад назвай “Вандроўкі фатографа ў слове і вобразе”, напоўненныя фотаздымкамі і апісаннямі краявідаў і мясцін Беларусі. Такія як “Чалавек творца краявіду”, “Нарач. Самае вялікае возера Польшчы”, “Рушчыцавы дажынкі”, “Пейзаж Вільні” і інш. Гэта не тыповыя для нас сухія апісанні, а сапраўднае паглыбленне ў жыццё:

Двор — гэта цэлы свет земляніна. Гэта яго дом і уладанне, яго праца і адпачынак, яго радасць і яго журба. Двор, вялікі ці малы, на сто валоках, ці на сто моргах — гэта яго удзельнае каралеўства. Шляхціч літоўскі меў двор у сваёй уласнай сталіцы, на сваім дзядінцавым кавалку зямлі, захаваны для яго продкамі. Жыў у ім ад калыскі да гроба, зрастаўся з ім, як ліпы, якія ацянялі яго дом і як яны, вечнасці волаты, і ў зямлю сэрцам укарчанелыя, надаваў своеасаблівы вобраз і выгляд усяму, што яго атачала.

Нарысы нашага земляка — гэта рамантычнае прызнанне ў каханні да Радзімы. Найчасцей ЯН БУЛГАК здымаў Наваградчыну:

Краявід наш паўночны, лясісты, хвалепадобна-пагоркавы, рачны і азёрны. Сонца для яго міласцівы бацька, госць добрай навіны, бачны рэдка і і любімы сардэчна, глыбока і радасна, як само жыццё. Сонца геніяльны мастак, якое больш свеціць чым грэе. Вядзе нястомную бітву з подыхам поўначы, тым болей любімае, чым болей моцнае і пераможнае. А бітва параджае яшчэ адну з’яву —нашае высокае глыбокае воблачнае неба. Сцежкі якія вядуць праз прыгажосць края быццам пытаюцца “Бачыш, як тут прыгожа? Не спяшайся адпачні, паглядзі, пажыві, не шукай шчасця далёка. Яно ёсць тут паўсюль, дзе кінеш вокам…”.

Ян Булгак заўсёды імкнуўся ўдзельнічаць у фотавыставах за мяжой, каб паказаць прыгажосць роднага краю. Ён прыняў удзел у больш чым 170 міжнародных выставах, дабіваўся высокіх узнагарод. Яго працы ўпрыгожвалі польскі павільён у Парыжы ў 1937 г. і праз два гады былі прадстаўлены ў Нью-Ёрку.

Цікавым і карысным было сяброўства з іншымі беларускімі фатографамі. “Палеская прынцэса” Зоф’я Хамянтоўская адкрыла для Яна Булгака ўнікальныя старонкі жыцця Палесся. У 1936 г. фатографы сустрэліся ў палескай рэзідэнцыі Друцкіх-Любецкіх у Парахонску. Надалей яны падтрымлівалі зносіны і працавалі разам у пасляваеннай Варшаве.

Ян Булгак на Палессі, фотаздымак Зоф'і Хамянтоўскай
Ян Булгак на Палессі. Фотаздымак Зоф’і Хамянтоўскай

Булгак выстаўляўся ў Мінску, дасылаў свае здымкі ў польскія і нямецкія часопісы. Спецыялісты прызнаюць: Ян Булгак аказаў значны ўплыў на развіццё сусветнай, у тым ліку і беларускай мастацкай фатаграфіі. Галоўным яго творчым прынцыпам было “здымаць сэрцам”.

Ян Булгак з сынам Янушам
Ян Булгак з сынам Янушам

Да Другой сусветнай вайны Ян Булгак зрабіў ад 40 000 да 100000 фотаздымкаў. У часы вайны ён працягваў працаваць ў акупаванай Вільні. Вялікай трагедыяй стала знішчэнне яго фотаархіва і фотамайстэрні падчас пажару ў ліпені 1944 г.

Ян Булгак у апошнія гады жыцця
Ян Булгак у апошнія гады жыцця

Апошнія шэсць гадоў да сваёй смерці Булгак імкнуўся аднавіць стары фотаматэрыял. У 1945 г. ён пераехаў у Варшаву. З дапамогай фотакамеры фіксаваў разбураныя будынкі польскай сталіцы. Паспеў зрабіць каля двух тысяч фатаграфій заходніх зямель, далучаных да Польшчы пасля вайны.

Сёння незваротна знікла многае з таго, што фатаграфаваў фотамастак. Таму яго работы маюць вялікую карысць для сучасных беларусаў. Чорна-белыя здымкі Яна Булгака даволі часта сустракаюцца ў розных выданнях. На жаль, без аўтарства.

Ян Булгак
Ян Булгак

Яна Булгака называюць фотаімпрэсіяністам, таму што яго творчасць набліжала фатаграфію да жывапісу і графікі. Сёння гледача ў яго працах шакіруе тэматычная шырыня і разнастайнасць. Фотаздымкі Яна Булгака з’яўляюцца ўнікальнымі сведкамі страчанай спадчыны Беларусі:

Каханне — самая важная справа жыцця. Ад зносін без кахання ў сферы духоўнасці нічога жывога ці прыгожага не народзіцца. Цвярозага розуму і дакладнасці разлікаў тут недастаткова, трэба шукаць, адчуваць і працаваць са сваім сэрцам.

Памёр Ян Булгак 4 лютага 1950 г. у польскім Гіжыцку, пахаваны ў Варшаве.

Рэстаўрацыя і разкаляроўка фота Яна Булгака аўтара