Аўтар: Юлія Уладзімірская / @vjl_photo
Навагрудак: мінулае і сучаснасць
Горад Міндаўга, першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, калыска Адама Міцкевіча — Навагрудак і сёння здзіўляе і натхняе. На Навагрудчынне нарадзілася шмат выбітных беларусаў мінулага і сучаснасці.
Адзін з іх ЯН БУЛГАК — фатограф, пісьменнік, фалькларыст, этнограф, які лічыцца “наватарам польскай мастацкай фатаграфіі” і адным з пачынальнікаў літоўскай фатаграфічнай школы. У Беларусі яго імя доўгі час было забыта, але сёння з дапамогай фотаздымкаў мы можам адправіцца ў сапраўдную “вандроўку ў мінулае”. Наперад!
Ян Булгак не толькі фатаграфаваў горад, ён пакінуў яго апісанне. Вось які быў Навагрудак пачатку ХХ ст.:
Навагрудак раскінуты на высокім узгорку, які быў самым высокім месцам узвышша, здаля свяціўся бачнымі руінамі замка і старажытнай фарай ля яго падножжа <…>.
Від можна было бачыць з замка, як на далоні: гэта быў як бы мастацкі план у вялікім маштабе, які пачынаўся ад палёў і сенажацяў, ад утульных двароў і сядзібаў, зялёных гаёў і вітых дарог, і кожная дробязь гэтага плана гаварыла аб асаблівасці і прыгажосці зямлі. Сама Замкавая гара выглядала прывабна, негледзячы на запусценне, яе магутныя муры і вежы ўздымаліся над горадам у сумнай велічы мінулай значнасці і, здавалася, адсоўваліся з пагардай ад запалоненага яўрэямі мястэчка.
Як бачым, асноўныя ўспаміны звязаны з гістарычнай часткай горада. Навагрудскі замак з’яўляўся адным з самых маштабных на тэрыторыі Беларусі. У пачатку XIII ст. на Замкавай гары была пабудавана першая каменная Цэнтральная вежа, якая служыла асноўным абарончым элементам. Былі ўзведзены камены храм і двухпавярховы палац. З канца XIV cт. па XVI ст. у сувязі са знешняй небяспекай замак увесь час умацоўваўся і складаўся ўжо з сямі абарончых веж. Падчас вайны 1654–1667 гг. з Расіяй і Паўночнай вайны са Швецыяй замак быў моцна пашкоджаны. Да пачатку ХХ ст. захавалася толькі тры вежы, але з цягам часу і яны пераўтварыліся ў руіны. Але дух часу адчуваецца на гэтым месцы і сёння.
Побач цябе чакае і знакаміты курган Міцкевіча, на які можна падняцца, каб паглядзець панараму гарадскіх ваколіц. Курган быў закладзены ў 1924 г. і афіцыйна адкрыты ў 1931 г. Зямля была прывезена са шматлікіх куткоў свету ў гонар знакамітага паэта. Побач знаходзіцца помнік Адаму Міцкевічу, дзе можна ўшанаваць яго памяць.
На фотаздымках прадстаўлены знакаміты Фарны касцёл на Замкавай гары. Белая Фара пабудавана ў 1719–1723 гг. на месцы храма ХІV cт., фундатарам якога быў вялікі князь Вітаўт. У 1422 г. у касцёле адбылося вянчанне караля Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай. Унутры касцёла знаходзіцца мрамарны барэльеф прысвечаны памяці рыцараў, якія загінулі ў бітве з туркамі ў 1621 г. пад Хоцінам. Тут быў ахрышчаны і знакаміты паэт Адам Міцкевіч.
Ян Булгак зафіксаваў на фотаздымках значныя архітэктурныя славутасці горада.
Касцёл Св.Міхаіла / вул. Савецкая 2
Касцёл Св.Міхаіла не аднойчы мяняў свой воблік. Апошняя грунтоўная перабудова была ў 1848 г., калі храм набыў рысы барока з элементамі класіцызма. Касцёл быў заснаваны ордэнам дамінікаўцаў у XVIII ст., пры ім дзейнічала школа і манастыр. У дамініканскай школе навучаліся Ян Чачот і Адам Міцкевіч. У савецкі час выкарстоўваўся як крама і зернесховішча. У касцёле захоўваецца абраз Святога Міхаіла (1640-я гг.), які з’яўляецца сімвалам і ахоўнікаа горада.
Барысаглебаўская царква / вул. Паштовая 6
Барсыглебаўская царква была пабудавана ў 1517–1519 гг. ў стылі позняй готыкі на сродкі магната гетмана Канстанціна Астрожскага. Доўгі час царква была кафедральным саборам праваслаўных мітрапалітаў Вялікага Княства Літоўскага. Затым належыла уніяцкаму базыльянскаму ордэну.
Мікалаеўская царква / вул. Гродзенская 4
У 1780 г. быў пабудаваны касцёл у стылі позняга барока ў выглядзе карабля на сродкі Алены Радзівіл. Пасля скасавання манастыра ў 1846 г. храм ператвораны ў Саборную царкву св. Мікалая. Пасля пажару 1852 г. царква значна змяніла свой выгляд, франтон на фасадзе быў заменены званніцай.
Гандлевая плошча / пл. Леніна
На цэнтральнай плошчы размешчаны гандлевыя рады, пабудаваныя ў 1812 г. ў стылі класіцызму па праекце Імператарскай акадэміі навук Санкт-Пецярбурга. У 1833 г. драўляныя пабудовы былі заменены на цагляныя. У цэнтры рыначнай плошчы знаходзіўся палац Радзвілаў, у які завітваў знакаміты Караль Радзівіл Рыбанька. Да сённяшніх дзён палац не захаваўся, але мы можам паглядзець як ён выглядаў на выявах 1930-х гг. Сёння тут размешчаны невялічкія крамы і кавярні.
Маю ўвагу прыцягнула @kaviarnia_av, дзе па асабліваму атмасферна. Можна выпіць кавы Адама Міцкевіча, паглядзець на фотаздымкі старога горада, паслухаць добрую музыку.
Краязнаўчы музей / вул. Гродзенская 2
Адпачыўшы можна пазнаёміцца з гісторыяй горада, якая прадстаўлена ў гарадскім краязнаўчым музеі. Важна: уваход толькі за наяўныя. У музеі прадстаўлена гісторыя краю ад мамантаў да падзей Вялікай Айчыннай. Ёсць асобная экспазіцыя прысвечаная знакавым постацям Навагрудчыны, таксама экспазіцыя пра дзейнасць з 1922 па 1934 гг. прыватнай беларускамоўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча.
Галерэя Кастуся Качана / вул. Замкавая 9
Гэта сапраўдная арт-прастора. Уладзімір Качан — сучасны беларускі мастак, працы якога можна пабачыць у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску і прыватных калекцыях па ўсяму свету. Унікальны выпадак, калі майстэрня, выставачная зала, музей і лецішча аб’яднаны ў адно цэлае і адкрыты для шырокага кола аматараў мастацтва. Калі табе пашчасціць, то можна пагутарыць з самім мастаком. У галерэі сабраны не толькі карціны з непаўторнымі краявідамі, але і шкляны посуд, мэбля, што надае ўсёй прасторы асаблівую атмасферу.
Дом-музей Адама Міцкевіча / вул. Леніна 1
Абавязкова варты ўвагі музей Адама Міцкевіча, які размешчаны ў сядзібным доме бацькоў. Горад і ваколіцы былі для паэта тымі мясцінамі, што сніліся яму за мяжой:
Я маю край, радзіму дум сваіх; Мілейшы ён, чым гэтая краіна, Што зараз у вачах стаіць маіх. То майго сэрца любая айчына… Туды я ад турбот і ад забаў Люблю ўцякаць. Сяджу там пад дубамі, Там я ляжу сярод духмяных траў, Там я ганяюся за матылямі. (Пераклад А. Зарыцкага)
У чэрвені 1941 г. дом-музей пасля авіаабстрэлу быў цалкам разбураны, а частка выратаваных экспанатаў вывезена на тэрыторыю Польшчы. Адноўлены і адчынены ў лістападзе 1955 г. да 100-годдзя з дня смерці Адама Міцкевіча. Пазней была створна новая музейная экспазіцыя, адноўлены па ўзоры ХІХ ст. флігель, амбар, калодзеж. У музеі зроблены акцэнт на навагрудска-беларускі перыяд жыцця Міцкевіча, а таксама адлюстраваны побыт шляхецкай сядзібы ХІХ ст.
Музей навагрудскага гета / вул. Мінская 64–66
На фотаздымках Яна Булгака сустракаюцца выявы сінагогі ХVIII ст., якая была знішчана падчас антырэлігійнай барацьбы ў 1960-я гг. У гады Другой сусветнай вайны ў горадзе знаходзілася гета. Захаваліся старажытныя яўрэйскія могілкі, будынкі, у якіх знаходзіліся майстэрні для вязняў гета, калодзеж. У верасні 1943 г. вязні гета здзейснілі паспяховы пабег праз тунэль. Сёння па ўспамінах удзельнікаў пабегу на месцы аднаго з баракаў створаны музей.
Мячэць / вул. Леніна 18
Як вядома, татары з’явіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага па запрашэнню князя Вітаўта. У Навагрудку яны пасяліліся недзе ў канцы XIV ст. Татары захавалі сваю рэлігію, пісалі па-беларуску арабскімі літарамі, займаліся пераважна сельскай гаспадарскай. Да сенняшніх дзен захаваліся старажытныя могілкі і мячэць, пабудаваная ў 1855 г.
Гара Міндаўга / вул. Мінская і 1 Мая
Па паданні тут пахаваны заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага кароль Міндаўг. Ці па іншай версіі на гэтым месцы праходзіла яго каранацыя. З часам на Гары Міндаўга размясціліся гарадскія хрысціянскія могілкі. Есць яны і на фотаздымках Яна Булгака, дзе адлюстраваны шматлікія драўляныя крыжы. Самае старажытнае пахаванне на гары датуецца 1820 г., а апошнія захаванні былі прыкладна ў 1920-я гг.
Гуляючы па гародзе звярні ўвагу на жылыя дамы, якія з’яўляюцца архітэктурнымі помнікамі розных эпох. Асабліва часта сустракаюцца будынкі 1920–1930-х гадоў. Каля аўтавакзала ёсць асобная забудова такіх дамоў. Сёння многія з іх выкуплены, а іншыя падзелены на часткі, як арэнднае жыллё.
Наступны прыпынак, канешне, Свіцязь. Даехаць можна на аўтобусах, якія адпраўляюцца кожную гадзіну.
Фотаздымкі чароўнай Свіцязі Булгак рабіў на працягу ўсяго жыцця. Возера на захадзе у месячную ноч выглядае асабліва таямніча.
На беразе возера можна пабыць адзін на адзін з беларускай прыродай. Успомніць кранальныя і пяшчотныя словы Яна Булгака:
Адзінай маёй любоўю была зямля, родная мая зямля, яе выгляд і выраз, яе краса, яе мова… Усё жыццё я быў звязаны з ёй, як з самай дарагой маці, сэрца якой білася для мяне. Як з верным сябрам, які быў мне заўсёды моцнай апорай і ніколі не падвёў. Усё жыццё я паддаваўся мудраму і супакойваючаму ўздзеянню гэтага пачуцця, і яно асыпала мяне бясцэннымі дарамі і было крыніцай самых шчаслівых хвілін, якія я толькі калі-небудзь зведаў.
Рэстаўрацыя і разкаляроўка фота Яна Булгака аўтара