Моцны — интернет-портал > Учится > Наша история > ГІСТОРЫЯ СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ

 

ГІСТОРЫЯ СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ

Аўтар: Юлія Алейчанка

ГІСТОРЫЯ СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ

Гісторыя кожнага з нас пачынаецца з бацькоў і дзядоў. Неразрыўнымі ніцямі звязаны мы з вялікімі і малымі вёскамі роднай Беларусі. Як занатаваць памяць аб іх? Як перадаць тую нітку дзецям і ўнукам, каб не перарвалася? На прыкладзе кнігі “Ліпляны. Біяграфія і штодзённасць беларускай вёскі” робім тры моцныя крокі, каб аб’яднаць мінулае і сучаснасць.

Крок першы

ГІСТОРЫЯ СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ
Ганчарныя вырабы

Асэнсоўваем задачу

Вясковая супольнасць, як правіла, не мае пісьмовай гісторыі. Беларускія сяляне не пісалі мемуары, не выпускалі газеты, не занатоўвалі старадаўнія абрады ў пісьмовай форме. Прафесійныя гісторыкі называюць такія супольнасці “маўклівай большасцю” таму, што людзі жылі, а пісьмовых сведчанняў аб іх жыцці амаль не засталося.

ГІСТОРЫЯ СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ
Маслабойка, сіта і іншыя прылады

На працягу стагоддзяў жыхары беларускай вёскі карысталіся механізмам вуснай перадачы памяці. Найбольш старажытнымі яго праявамі з’яўляюцца легенды, паданні, спевы, замовы. А бліжэйшымі да нас па часе — успаміны пра бацькоў, дзядоў, суседзяў, іх гаспадарку, матэрыяльны дабрабыт і жыццёвыя выпрабаванні.

Ідэя выкарыстання вусных успамінаў для навуковых гістарычных даследаванняў набыла папулярнасць у 90-х гг. ХХ стагоддзя. З 2011 г. супрацоўнікі Беларускага архіва вуснай гісторыі nashapamiac.org збіраюць біяграфічныя ўспаміны жыхароў Беларусі па ўсіх кутках краіны, і прадстаўляюць магчымасць знаёмства з імі анлайн.

Крок другі

ГІСТОРЫЯ СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ
Ева Сечка і аўтар кнігі Вольга Іванова

Збіраем пярліны вуснай гісторыі

Аднаўляць гісторыю малой радзімы з дапамогай “вуснай гісторыі” могуць людзі самага рознага ўзросту. Можна пачытаць спецыяльную літаратуру, параіцца з мясцовым настаўнікам гісторыі, падрыхтаваць пытанні. Няма нічога больш захапляльнага, чым самому пісаць гісторыю сваёй радзімы.

Вядома, самы хуткі і эфектыўны шлях — звярнуцца да прафесіяналаў. Так, у канцы 2017 г. ураджэнец Лельчыцкага раёна Ігар Жабароўскі ініцыяваў праект па распрацоўцы гісторыі роднай вёскі Ліпляны, што знаходзіцца на Палессі. Раней гісторыя Ліплян і ліплянцаў была адлюстравана толькі ў лаканічных энцыклапедычных нарысах ці нешматлікіх архіўных дакументах.

Ліпляны — тая адзіная маленькая радзіма, з якой свет успрымаецца іначай. Ніякае іншае месца я не назаву радзімай, колькі б часу там не пражыў, і якія б падзеі мяне з імі не звязвалі.

Ігар Жабароўскі

У 2018 г. пачаўся запіс успамінаў жыхароў вёскі. Паступова стаў вымалёўвацца вобраз жыцця, светапогляд вяскоўцаў. Каб інтэрпрэтаваць іх найбольш трапна, даследчыкам неабходна было паглыбіцца ў мясцовую супольнасць, зразумець яе ўнутраныя механізмы.

ГІСТОРЫЯ СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ

Нягледзячы на гасціннасць ліплянцаў, члены каманды Беларускага архіва вуснай гісторыі адчулі сябе ў вёсцы “сваімі” толькі ў канцы другога экспедыцыйнага выезду. Гэта адбылося, калі яны пачалі дэманстраваць “сваю кампетэнтнасць” у хітраспляценнях сваяцкіх сувязяў сваіх суразмоўцаў.

Ключавой падзеяй у памяці жыхароў вёскі застаецца Другая сусветная вайна. Асабістыя гісторыі ліплянцаў становяцца часцінкамі агульнай гісторыі нашай краіны. Напрыклад, калі людзі апавядаюць пра Халакост, аблавы і хаванне ў балотах:

Гэта ж поедуць недзе і ў Тураў, і ў Петрыкаў. Да папрывозяць жыдоў у гору, под Лельчычы, да там білі. І тут було чутно, як бедненькія вішчалі, як іх расстрэльвалі. Я то не бачыла, але чутно було. Крык. Гэта ж кожнаму, страшна, відзема, смерць.

Клаўдзія Лось

Еўка толькі родзілася. І сільно була ротата – плакала сільно. Вішчала, крычала. А людзі ж хаваліся. А яе ж нікуда в куране не пускалі. Бо вона крычыць, да немцы прыдуць, да побьюць. То маці ў болото зайшла, да села, да по пояс у вадзе сядзела, а дзіця дзержала.

Сечка Вольга Рыгораўна

ГІСТОРЫЯ СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ
Самагонаварэнне

Найбольш поўна адлюстравана ва ўспамінах пасляваенная штодзённасць вёскі. Даследчыкі занатавалі мясцовыя асаблівасці ўсходнепалескай гаворкі. Напрыклад, для ліплянцаў характэрныя выразы: “узяў мула, памуў мусю”, “прыхахуль сябе”, “прабаўляць дух”, “хонджа напала”, “прокідацца”, “поўцякаемо”, “мьясо”.

Крок трэці

ГІСТОРЫЯ СТВАРАЕЦЦА СЁННЯ
Вёска Ліпляны

Апрацоўваем назапашанае

Для разумення прасторы вёскі выкарыстоўвалася таксама максімальная візуальная фіксацыя — фота і відэаздымка.

Выніковым прадуктам працы стала кніга Вольгі Івановай “ЛІПЛЯНЫ. БІЯГРАФІЯ І ШТОДЗЁННАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ВЁСКІ”, якая пабачыла свет у выдавецтве “ПАПЕРУС” кампаніі PRASTORA.BY, а таксама 40-хвілінны відэафільм “Ліпляны. Гісторыя вёскі, якую расказалі яе жыхары…” (дыск прыкладаецца да кнігі).

Аўтарамі выдання фактычна з’яўляюцца самі ліплянцы, якія атрымалі магчымасць стварэння ўласнай гісторыі, захавання культурнай прасторы. Цяпер ліплянцы маюць сваю пісьмовую гісторыю, якую будуць ведаць, перадаваць наступным пакаленням, любіць, берагчы і ганарыцца.

Гэта новы механізм захавання памяці, які прыйшоў на змену старадаўнім вусным практыкам.

У Беларусі сёння дваццаць тры тысячі вёсак, унікальных сваёй гісторычнай спадчынай, характарам і культурай. Кожны можа зрабіць свой крок па захаванню штодзеннасці іх жыцця. Далуйчайся!

Кнігу “Ліпляны. Біяграфія і штодзённасць беларускай вёскі” можна набыць у кнігарнях “Акадэмкніга”, “Логвінаў”, “Галіяфы”, “Цэнтральная кнігарня”, “Веды”, “Кнігі і кніжачкі”, “Светач”, “Кнігарня пісьменніка”, а таксама на сайце OZ.by.