Аўтар: Юра Тамковіч
У сваім маладым жыцці я ніколі не працаваў. Не тое, што зусім, а ў значэнні пастаяннага заробка грошаў. Не сказаў бы, што мяне вельмі цягнула да працы, але на 2 курсе, у свой план на лета я паставіў пункт “знайсці работу”.
Па шчырасці кажучы, яна асабліва мне не была патрэбна, бо мне на існаванне хапала сродкаў са стыпендыі і ўвогуле я ніколі не разумеў людзей, якія працуюць і вучацца адначасова. Гэта ж можна галавой паехаць — у першай палове адсядзеў на парах, а ў другой цягнешся на працу. Якая тут нармалёвая вучоба, падрыхтоўка да прадметаў і нават не кажу пра грамадскую дзейнасць.
Аднак той факт, што
большасць знаёмых дзе-небудзь ужо працавала, а ты да гэтай пары “дармаед”
мяне прыгнятаў. Ды і нядрэнна было падзарабіць на мае летнія вандроўкі, якіх у маіх планах было зашмат. Таму, ужо падчас здачы летняй сэсіі, я пайшоў шукаць працу.
Далёка йсці не прыйшлося.
У 100 метрах ад майго дома на Уруччы, знаходзіцца кафэ Грузін.бай. Такіх усяго два ў Мінску (другое на Чыжоўцы). Гэтая рэстарацыя спецыялізуецца на грузінскіх стравах – калі вам хочацца паспрабаваць харчо, хачапуры, аджапсандалі, чахахбілі і іншую смакату, то вам сюды. Кошты тут як у звычайным фастфудзе, можа трохі вышэй. Працуюць у кафэ сапраўдныя грузінскія повары, якія ведаюць сваю справу, з-за гэтага ўсё-што яны робяць атрымоўваецца надзвычайна файным.
Сюды я б ніколі не пайшоў, але некаторы час тут бегаў ад стала да стала мой сябар, і ідучы з вучобы, я з ім часам гутарыў — ён казаў, што мейсца нядрэннае. Калі ў чэрвені я патэлефанаваў да адміністрацыі, то мне сказалі, што ім не хапае афіцыянтаў і ў той жа дзень прызначылі мне сустрэчу. Падчас гутаркі мы абмеркавалі ўмовы працы і тады ж я адпрацаваў свае першыя 6 гадзін. Выглядала гэта трохі глупа — усе ў майках, джынсах, а я ў белай кашулі, штанах, чорных начышчаных ботах. Хто ж ведаў, што мяне адразу пашлюць ў бой?)
Увечары я вярнуўся дамоў і ўсе вельмі здзівіліся, пачуўшы мой аповед. Нікому пра свае пошукі і планы я не распавядаў, але
дамашнія, калі даведаліся, мае імкненні ўхвалілі.
Стабільная праца ў мяне пачалася, толькі з пачатку ліпеня, бо йшлі іспыты і трэба было зрабіць медычную даведку. Даведку я зрабіў даволі хутка — за 2 тыдні, прайшоўшы праз нашу безлітасную медыцынскую машыну з ейнымі вялізарнымі чэргамі ў некалькіх лякарнях. Аднак, як паказаў вопыт, усё гэта было дарма — час і грошы за даведку ўляцелі ў паветра. Яна мне проста не спатрэбілася.
На пачатку ліпеня я ўладкаваўся на працу. Мне ставілі 6 гадзін 3 разы на тыдзень. Гэта была стажыроўка ў 2 тыдні, пасля якой я павінен быў перайсці на поўную заработную плату і заключыць дагавор. Аднак стажыроўка мая зацягнулася на 3 тыдні, з часам я стаў працаваць па 12 гадзін — поўны працоўны дзень. І толькі на апошні тыдзень, склаўшы іспыт на веданне ўсіх страў і напояў, я ператварыўся на паўнавартаснага афіцыянта, які атрымоўваў пад 40 р. за 12 гадзінны рабочы дзень. Менавіта за апошні тыдзень я і зарабіў палову сваёй зарплаты за месяц.
Калі я спытаўся: А ці будзем заключаць дагавор?
То мне адказалі: Застанешся яшчэ на 2 месяцы, то заключым, а так на тыдзень няма сэнсу.
Заставацца я не збіраўся, бо ў жніўні ехаў на раскопкі ў Польшчу, а пасля хацеў проста павандраваць па Беларусі і праз гэта адмовіўся.
Праца афіцыянта —гэта нялёгкая праца. Думаць канешне шмат не трэба, але стаяць увесь дзень на нагах, бегаць па залу, насіцца туды-сюды з падносамі, прыбіраць смецце — не самы вясёлы занятак. Аднак лепей рабіць усё гэта, чым проста стаяць за барнай стойкай у чаканні кліента. Адсутнасць працы страшэнна замаруджвае час і здаецца, што ён увогуле не рухаецца.
Каб быць афіцыянтам, трэба разбірацца ва ўсім тым, што ты прапаноўваеш госцю. Неабходна ведаць з чаго складаецца тая ці іншая страва, колькі там грамаў такога-та прадукту, што да яго падаецца, як ён гатуецца. Пажаданна, каб работнік фаст-фуда ўмеў працаваць з кава-машынай, касавым апаратам і быў здольны рабіць кактэлі.
Адным з плюсаў працы быў добры калектыў, што складаўся з маіх аднагодкаў. Мы заўжды трымаліся разам, больш вопытныя дапамагалі навічкам і я хутка авалодаў патрэбнымі навыкамі. Добрымі да працаўнікоў былі адміністратары і гаспадары кафэ — яны ўвесь час штосьці падказвалі, а ўвечары тых, хто жыў далёк ад працы падвозілі на ўласнай машыне. Другі плюс—гэта зніжка на ежу ў 50 адсоткаў. За месяц я пераспрабаваў усё, што толькі можна!
Адпрацаваўшы месячны тэрмін, я атрымаў 300 з капейкамі рублёў і быў у прынцыпе задаволены — для першага раза някепска, пры тым, што працаваў у асноўным у якасці стажора.