Моцны — интернет-портал > Учится > Наша история > ПАЛЕСКІ НАПАЛЕОН

 

ПАЛЕСКІ НАПАЛЕОН

Аўтар: ЮЛІЯ УЛАДЗІМІРСКАЯ

Фота: ДЗМІТРЫЙ БУРДЫКА

У 2022 г. адзначаецца 215-годдзе з дня нараджэння Напалеона Орды. Сёння ён лічыўся бы сапраўдным трэвел-блогерам, бо шмат вандраваў і фіксаваў на ўласных малюнках гісторыка-культурныя помнікі. Расказваем, як стварыць уласны маршрут з мінулага ў сучаснасць.

Калаж. Напалеон Орда. Варацэвічы.
Партрэт Н. Орды і краявід Варацэвічаў з часопіса“Kłosy”(1883)

“Хто хоць жменяй зямлю носіць, той узвядзе гару”
Напалеон Орда

Калі святкаваць дзень нараджэння?

Радавы маёнтак Ордаў — сядзіба Чырвоны Двор каля вёскі Варацэвічы. Напалеон Орда нарадзіўся на Палессі ў 1807 г. у сям’і інжынера-фартыфікатара маршалка Кобрынскага павета Міхала Орды і таленавітай піяністкі Юзафіны (у дзявоцтве Бутрымовіч).

Наконт яго прозвішча ёсць меркаванні, што род бярэ свой пачатак з часоў Залатой Арды. Імя хлопчыку далі ў гонар французскага імператара Напалеона Банапарта, з якім жыхары былой Рэчы Паспалітай звязвалі надзеі на адраджэнне польскай дзяржавы.

Асноўная версія, прынятая большасцю, адносіць дзень народзінаў Наполеона да 11 лютага. Аднак берасцейскі краязнаўца Леанід Несцярчук, які падрыхтаваў шыкоўную кнігу-альбом “Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны”, узгадвае дату 19 лютага (7 лютага па старым стылі). Зміцер Юркевіч адзначыў, што 24 лютага (12) дзіця ахрысцілі ў янаўскім касцёле (сёння г. Іванава), пра што сведчыць запіс, пакінуты ў метрычнай кнізе. Ёсць сведчанні, што хрысцілі яго пазней у пінскім касцёле пад трыма імёнамі Напалеон Мацей Тадэвуш.

Мінулае ў аб’ектыве і на мапе

Дзмітрый Бурдыка. Фота Анатоля Саломкі.
Дзмітрый Бурдыка. Фота Анатоля Саломкі

На ўвесь свет вядома мастацкая спадчына Орды. Маштаб яго падарожжаў ХІХ ст. натхняе на ажыццяўленне ўласных праектаў сучасных фатографаў, мастакоў і архітэктараў.

Звярніце ўвагу на праект «Праз стагоддзі» фатографа і графічнага дызайнера Дзмітрыя Бурдыкі, які вандруе і фіксуе сучасны выгляд мясцін, намаляваных Ордай.

Мірскі замак
Мірскі замак

Працуе Дзмітрый наступным чынам: знаходзіць аб’ект на картах Google і вызначае, з якой прыкладна кропкі яго маляваў Орда. Пры гэтым улічваецца, у які час года і нават у які час дня лепш фатаграфаваць. Ведаць прагноз надвор’я таксама абавязкова. Для здымкаў выкарыстоўваецца камера Pentax 645N, чорна-белая плёнка Fujifilm Neopan Acros 100, нейтральна-шэрыя і каляровыя фільтры.

Выкарыстанне чорна-белых фотаздымкаў дазваляе пазбавіцца ад сучаснага разнакаляровага візуальнага смецця. Манахромныя відарысы надаюць выявам гістарычнасць. Зараз у фатографа 40 прац, зробленных у Беларусі і Польшчы.

Наваградак. Руіны замка і парафіяльны касцёл.
Наваградак. Руіны замка і парафіяльны касцёл

Дзмітрый таксама стварыў Google–мапу, на якой адзначаны практычна ўсе месцы ў Беларусі, адлюстраваныя Напалеонам Ордай. Цяпер кожны можа скласці свой маршрут і паспрабаваць сябе ў ролі мастака, які параўновае мінулае з сучасным.

Я ўжо расказвала пра спробу паглядзець на мінулае праз аб’ектыў сучаснасці на прыкладзе творчасці фотамастака ЯНА БУЛГАКА, які падобна Напалеону Ордзе шмат вандраваў па Беларусі.

Сакрэты творчасці

Нясвіж. Замак Радзівілаў, від з бок ракі Ўша і падязной прамы.
Нясвіж. Замак Радзівілаў, від з бок ракі Ўша і пад’язной брамы

Спыняць час, захоўваць гісторыю і памятаць таленавітых ураджэнцаў беларускай зямлі — высакародная задача. Калі сёння ў нас есць транспарт, фотатэхніка і сеціва для распаўсюджвання інфармацыі, то 150 год таму фіксаваць гістарычную спадчыну было справай нялегкай.

Мастак загадзя планаваў маршруты, каб пабачыць як мага болей славутасцей і цікавых мясцін. Пры гэтым увесь час вандраваў са сваімі мастацкімі прыладамі для працы. Не захавалася яго чарнавых замалёвак, таму не ведаем: можа, добрая памяць і талент дапамагалі яму адразу ствараць выяву?

Сноў. Палац Харцінгаў, некалі Рдултоўскіх.
Сноў. Палац Харцінгаў

На начлег мастак спыняўся ў знаёмых шляхцічаў, а ў знак падзякі пакідаў выявы іх радавых сядзіб. Зробленыя малюнкі ён сістэматызаваў і рыхтаваў для выдання ў альбомах.

Варшаўскі майстар-літограф Алаіз Місяровіч займаўся апрацоўкай малюнкаў і пераводам іх у тыражную графіку у майстэрні Максімільяна Фаянса ў Варшаве.

Варшава над Віслай.
Варшава над Віслай

Падрыхтоўка альбомаў Н. Орды прышлася на час, калі літаграфія дасягнула вяршыні свайго развіцця. У выніку яго працы склалі сапраўдную маляўнічыю энцыклапедыю па гісторыі архітэктуры Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі можна знайсці ілюстраваныя часопісы “Klosy” і “Tygodnik Ilustrowany”, дзе публікаваліся літаграфіі Орды. Можна сказаць, у часопісах майстра рэкламаваў свае творы.

Асноўнай каштоўнасцю, якая захавалася, з’яўляюцца “Альбомы гістарычных відаў”. Альбомы складаюцца з васьмі серый і змяшчаюць 260 літаграфій (у серыях па 50–30 аркушаў). На вокладцы кожнага альбома размешчана выява радавога маёнтка Ордаў — Варацэвічы.

Цэханув над ракой Лыдыняй.
Цэханув над ракой Лыдыняй

Большасць арыгіналаў малюнкаў захоўваюцца ў музеях Кракава, Варшавы, Львова. У Беларусі вялікая калекцыя літаграфій знаходзіцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі, супрацоўнікі якой ацыфравалі спадчыну Орды. Гэтая праца ў 2020 г. была выдадзена ў выглядзе альбома, дзе прадстаўлены 190 гравюр.

Тэхналогіі ХІХ стагоддзя

Можна адзначыць характэрныя асаблівасці і рысы літаграфічных малюнкаў Напалеона Орды:

  • Дакументальнае адлюстраванне архітэктурных помнікаў і знакамітых мясцін краю.
  • Перадача дэталяў побыту: этнаграфічныя замалёўкі і звесткі.
  • Гарызантальны альбомны фармат прац памерам А4.
  • Выкананне літаграфій высокай якасці па спецыяльнай французскай тэхналогіі.

Стварэнне літаграфій было складанай і крапатлівай працай. Асновай для друкарскай формы служыў літаграфскі камень-вапняк, на якім мастак маляваў адмысловым літаграфскім алоўкам альбо тлустай літаграфскай тушшу. Неабходны былі максімальны кантроль і ўвага, каб перанесці ўсе дэталі малюнка. Далей камень травілі акісленай вадой, бо яна не пранікала ў поры каменя, дзе быў нанесены малюнак. Пасля на камень накатвалася фарба, якая пад ціскам прыставала на папяровы аркуш толькі там, дзе быў нанесены малюнак. Друкавалася літаграфія на адмысловым літаграфскім варштаце. Гатовая выява нагадвала малюнак мяккім алоўкам.

Адметнасцямі яе з’яўляліся:

  • зярністая фактура ў ценях і паўценях;
  • больш тонкі слой фарбы;
  • трошкі расплыўчатыя межы плям.

Зразумела, што такая праца патрабавала шмат часу.

Калі мы разважаем пра Орду, то неабходна таксама ўспомніць пра ягоны ўдзел у паўстаннях, эміграцыю, любоў да музыкі і захапленне мастацтвам, пра абвінавачванні ў шпіёнстве… Але гэта ўжо тэмы для наступных сустрэч.