З адным з заснавальнікаў скаўцкага руху, вядомым дзіцячым пісьменнікам і вялікім аматарам беларушчыны АЛЕГАМ ГРУШЭЦКІМ пагутарыў Юрась Тамковіч.
Юнацкія гады і скаўтынг
Спадар Алег, якім было ваша дзяцінства?
Нарадзіўся я ў Менску. Маці мая была служачай, бацька працаваў звычайным рабочым, хоць і паходзіў са шляхецкай сям’і. Запомніліся мае маладыя гады маладзёжнымі суполкамі незалежнага кшталту — “Талака” (гісторыка-культурнае аб’яднанне, якое існавала ў 1985–1990 гг.), “Тутэйшыя” (беларуская арганізацыя маладых пісьменнікаў, якая існавала ў 1986–1990 гг.). Узнімаўся нацыянальны рух. Мяне ў яго зацягнула ў 14 гадоў, бо вучыўся я ў адной класе з дзецьмі беларускіх мастакоў, якія гэты рух і распачыналі.
Потым і я вылучыўся як актыўны дзеяч “Талакі”.
Да мяне прыглядзеліся ў Гарадскім бацькоўскім камітэце пры “Таварыстве беларускай мовы” і ў пачатку 1989 г. даверылі арганізаваць “Беларускі вучнёўскі саюз”. Мы распаўсюджвалі беларушчыну сярод школьніцтва, дапамагалі беларускамоўным класам, удзельнічалі ў падрыхтоўцы першага беларускамоўнага летніка “Грунвальд”. З вучнёўскага саюзу выйшаў шэраг вядомых людзей: Антон Кузміч (перакладчык), Вольга Харламава (палітолаг), Мікола Гракаў (святар) і іншыя.
Раскажыце, калі ласка падрабязней пра “Талаку”.
Ля вытокаў “Талакі” стаялі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Сяржук Вітушка. Найбольш, напэўна, Сяржук Вітушка (выпускнік гістфака БДУ, гісторык і педагог, аўтар казак для дарослых і дзяцей). Яго і цяпер узгадваюць з цеплынёй, бо такіх арганізатараў, гэтак сэрцам адданых беларушчыне вельмі мала. Многія беларускія дзеячы вышлі з “Талакі”. Займаліся мы ў асноўным культурнай дзейнасцю, ездзілі на раскопкі, дапамагалі ў рэстаўрацыі Траецкага прадмесця.
Шукалі забытыя беларускія песні і традыцыі, ладзілі Купалле, Каляды, адзначалі Дзяды.
Напрыклад, прыводзілі ў парадак могілкі паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Плябані. “Талака” — гэта быў масавы рух. Асноўны касцяк складалі чалавек пяцьдзесят, але вакол іх былі тысячы.
Ездзілі ў Вільню, да мясцовых беларусаў з Калядкамі. Яны сустракалі нас з адкрытай душой — Беларусь прыехала да іх. У Вільні тады бракавала беларускага духу, хоць і існавалі некаторыя беларускія гурткі, часам сустракаліся на будынках нават беларускамоўныя шыльды, напрыклад — “Цырульня”.
Магу прыгадаць яшчэ паездку на Падляшша. Там і цяпер існуюць беларускія школы, выдаюцца беларускія кніжкі, настаўнікі размаўляюць па-беларуску. Дзеткі спяваюць песні, распавядаюць вершы па-беларуску. Яны цягнуцца да беларушчыны і, падаецца, што яе там ледзьве не болей, чым на Беларусі. Вельмі кранае!
Вы адзін з адраджэнцаў беларускага скаўтынга. Як гэта адбылося?
Улетку 1989 г. у літоўскай прэсе пачалі друкавацца матэрыялы пра скаўтаў. Гэта мяне моцна зацікавіла, мне спадабалася форма скаўтаў, іх жыццё і мэты.
І я задумаўся— чаму б не арганізаваць і ў нас скаўцкі рух?
Пачаў шукаць інфармацыю пра беларускі скаўтынг, які да вайны ў нас таксама існаваў. Сярод скаўтаў быў Сяргей Новік-Пяюн (беларускі паэт і празаік, вязень нямецкіх і савецкіх лагероў), з якім я сустракаўся. Ён апавядаў пры сустрэчы,
У скаўтаў было тры прынцыпы: Бог, Бацькаўшчына і Гонар.
Іх вучылі любіць Бацькаўшчыну і быць гатовым аддаць за яе сваё жыццё. Размова мая з ім адбылася за некалькі месяцаў да яго смерці. Ён падпісаў мне сваю кніжку і, напэўна, гэта апошняя кніга, на якой ён пакінуў свой подпіс.
Скаўтынг узнік на Беларусі ў 1912 г. з падраздзялення расійскіх скаўтаў у Гомелі. А з падзелам Беларусі пасля Рыжскай дамовы 1921 г. у Заходняй Беларусі (у гарадах Нясвіж, Клецк) з’явіліся і харцэры (польскія скаўты). Сяргей Новік-Пяюн у той час вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі і якраз належаў да харцэраў.
Але хутка з’явіліся і беларускамоўныя скаўцкія атрады. Ініціатыва ў іх стварэнні належала мясцовым каталіцкім ксяндзам.
Адным з іх быў айцец Адам Станкевіч. Менавіта яго і варта лічыць арганізатарам беларускага скаўтынгу.
Ужо ў 1922 г. у Віленскай беларускай гімназіі, якая знаходзілася ля Вострай Брамы, з’явіўся яшчэ адзін беларускі скаўцкі атрад. Сярод арганізатараў беларускага скаўтынгу ў Віленскай гімназіі былі Антон Луцкевіч (сябра Рады БНР), пісьменнік Максім Гарэцкі, драматург Францішак Аляхновіч і іншыя дзеячы заходнебеларускага грамадства.
Аднак у 1939 г., з прыходам Саветаў, усё скончылася. Скаўтынг апынуўся пад забаронаю, толькі месцамі існаваў падпольна.
Пасля Другой сусветнай, скаўцкі рух узнавіўся ў эмігранцкім асяроддзі — на Нямечынне і ў іншых краінах. Сярод яго арганізатараў былі вядомыя дзеячы беларускай эміграцыі — гісторык Вітаўт Кіпель і ягоная жонка літаратуразнавец Зора Кіпель, гісторык Янка Запруднік, гісторык Вацлаў Пануцэвіч ды шэраг іншых.
З канца 1980-х гадоў скаўцкі рух пачаў адраджацца на Беларусі.
У 1989 г. з кола вучняў школы № 20 (зараз гімназія № 8) я сабраў першы скаўцкі атрад. Частка людзей далучылася да нас з вучнёўскага саюза. Хутка ў школе № 64 таксама ўзнік скаўцкі атрад пад кіраўніцтвам Уладзіміра Улаховіча. Былі пэўны час скаўты і пры 23-й беларускамоўнай гімназіі. І вельмі моцны атрад пад кіраваннем Вадзіма Сугойдзя паўстаў у адкрытым у 1990 г. Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. А далей рух пачаў распаўсюджвацца і па іншых беларускіх гарадах. І ўжо ў 1992 г., пасля Устаноўчага Сойму, нам атрымалася зарэгістраваць “Аб’яднанне беларускіх скаўтаў”.
Мы праводзілі шмат працы з дзецьмі і моладдзю, ладзілі скаўцкія лагеры на прыродзе, шмат куды ездзілі, вандравалі, працавалі з літоўцамі, французамі, амерыканцамі. Скаўтаў вучаць не толькі выжыванню ў экстрэмальных умовах, але і лідарству.
Большасць сучасных амерыканскіх прэзідэнтаў прайшлі школу скаўтынга.
Мы ладзілі трэнінгі па лідэрству, па працы ў калектыве, па даверу адзін да аднаго. На тэрыторыі першага беларускамоўнага летніка “Грунвальд” праходзілі трэнінг і здавалі іспыты на званне скаўт-майстра — гэта кваліфікацыя давала права на працу з дзецьмі. Сістэму трэнінгу ад амерыканскіх скаўтаў нам прывезла Вольга Клімановіч, скаўтка з атрада Уладзіміра Улаховіча.
Яскравыя ўспаміны засталіся і пра Паўднёвую Карэю, куды я быў запрошаны ў 1991 г. прадстаўляць скаўцкі рух Беларусі на XVII Сусветным скаўцкім Джамбары. Менавіта гэтак скаўты называюць свае злёты, а назву гэтую яны перанялі ад паўночна-амерыканскіх індзейцаў.
Жылі ўдзельнікі Джамбары ў горных джунглях у намётах і гатавалі ежу на вогнішчы, як і належыць сапраўдным скаўтам.
У 1996 г. аб’яднанне беларускіх скаўтаў сутыкнулася з той жа праблемай, што і мноства грамадскіх арганізацый і палітычных партый: яны не прайшлі перарэгістрацыю. Але арганізацыя не перастала адразу існаваць, яна яшчэ пэўны час існавала неафіцыйна. Хацелася б згадаць добрым словам яркіх дзеячаў з арганізацыі. Гэтакіх, як Кастусь Хадыка, кандыдат гістарычных навук Максім Чарняўскі, кандыдат філалагічных навук Алесь Лозка, аўтар гістарычных раманаў Аркадзь Жукоўскі. Усе яны аказалі вялікі ўплыў на развіццё арганізацыі.
Таксама ў тыя часы паралельна з намі дзейнічаў Саюз скаўтаў Беларусі, які захаваўся, аднак яны карысталіся вопытам расійскіх скаўтаў, беларускага ў іх было мала. І дагэтуль існуюць на Беларусі каталіцкія скаўты, таксама даволі моцная арганізацыя. Нават у нашай парафіі на Каменнай горцы таксама існуюць добрыя скаўцкія атрады хлопчыкаў і дзяўчынак.
Краіна казак
Кім вы працуеце цяпер?
Працоўную дзейнасць пачынаў са школы. Пэўны час працаваў менеджарам аддзела маркетынгу на буйным дзяржпрадпрыемстве, я ж па адукацыі менеджар-прадпрымальнік. А апошнім часам займаюся рэстаўрацыяй замкаў і касцёлаў у Польшчы, ужо другі год жыву паміж Мінскам і Варшавай. Наш апошні аб’ект — гэта касцёл Усіх Святых у цэнтры Варшавы. Улетку ўжо будзе цалкам адноўлены. Хацелася б працаваць у Беларусі, але заробкі непараўнальныя.
Скажыце, а ці моцна змяніўся Менск з часоў вашай маладосці? Чаго не хапае?
Прыгадваецца адразу чамусьці кавярня “Пінгвін”, якой ужо няма. Яна была за МакДональдсам, што каля “Цэнтральнага”. Стаяла недзе там, дзе зараз гасцініца “Еўропа”, падаецца. Там было самае смачнае марозіва, і ўсе хлопцы хацелі зводзіць туды сваіх дзяўчат. А насупраць МакДональдса, з іншага боку праспекта, была піцэрыя з самай пышнай піцай. Цяпер такой не знойдзеш.
Ну, і канешне, няма таго духу беларускага ў менчукоў, як раней.
Што чытаеце?
Любімы твор — “ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ” Яна Баршчэўскага. У ім неверагодна сакавітая мова. А з сучаснага найбольш даспадобы “Авантуры Пранціша Вырвіча” Людмілы Рублеўскай.
Чытаю і сусветных аўтараў: Стывена Кінга, Хэмінгуэя, Шэкспіра — усяго па-трошкі.
А якія фільмы падабаюцца?
“Хросны бацька”— моцны мужскі фільм з павагай да сямейных каштоўнасцей. А з дзецьмі любім фэнтэзі “Дзясятае каралеўства”. Люблю фэнтэзі, ды і сам яго пішу. На днях з рэдактарам завяршылі працу над новай кнігай.
Гэта будзе фэнтэзі, заснаванае на беларускай міфалогіі,— “Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства”.
Там будуць не толькі беларускія міфалагічныя персанажы, але і рыцары, цмок, розныя таямніцы і бітвы за родны край. Падзеі адбываюцца ў нашым часе. Дзеці праз люстэрка трапляюць у паралельны свет, вельмі падобны на беларускае Сярэднявечча.
Нядаўна ў мяне выйшла кніжка для дзетак “Краіна Вымярэнія”, якая ўжо ўвайшла ў ТОП-10.
У ёй сабраны казачныя гісторыі, якія дапамагаюць дзеткам даведацца пра розныя адзінкі вымярэння: даўжыню, вышыню, шырыню, пра час, каляндар і чаму беларускія месяцы маюць гэтакія цікавыя назвы. Кніга праілюстраваная ў беларускім стылі, напрыклад, мядзведзь намаляваны ў слуцкім паясе, а журавель — ў шляхецкім галаўным уборы. Акрамя гэтага я друкуюся ў зборніках, у літаратурных часопісах. Можна сказаць, працую для дзяцей і падлеткаў, пішу казкі.
Ці цяжка ў нас выдаць кнігу?
Вельмі цяжка. Напрыклад, маё фэнтэзі, якое згадваў, ляжыць ужо больш за пяць гадоў. Асноўная праблема — адсутнасць у выдавецтваў грошай на друк. Я лічу, што нашым пісьменнікам трэба помнікі ставіць.
Яны займаюцца літаратурай як валанцёрскай дзейнасцю, якая не прыносіць, бадай, аніякага прыбытку.
Хаця літаратура — неад’емная частка культуры, тое, на чым адбываецца фарміраванне свядомасці нацыі, яе выхаванне, будуецца менталітэт. А таксама фарміруецца культурны і інтэлектуальны ўзровень тых, хто падрастае і каму жыць пасля нас.
Спортам займайцеся?
Так. У спорце з дзяцінства. Займаўся плаваннем, дзюдо, класічнай барацьбой, таксама стральбой пры ДТСААФ — маю значку і пасведчанне “Юны стралок”. А больш сур’ёзна — у старэйшых класах на кунг-фу хадзіў некалькі гадоў, а потым яшчэ гадоў пяць займаўся в’етнамскімі адзінаборствамі Нят-Нам у в’етнамца, вядомага майстра прафесара Нго Суан Біня. Яшчэ гадоў восем хадзіў у трэнажорную залу. Цяпер асабліва не да спорту, але форму падтрымліваю — дома вісіць турнік і вялікая баксёрская груша. Дзеці мае таксама дружны са спортам. Старэйшы сын быў некалькі разоў чэмпіёнам Мінска па боксу. Абодва сыны маюць паясы па таэквандо. Мужчына абавязаны займацца спортам і трымаць сябе ў форме.